Чорная хмарка
па маім жыцці –
варонай-пляткаркай.
Куды ісці?
Схавацца ў полі,
у зелках высокіх?
Цяжкая доля
ўзыдзе асокай.
Заснуць?
А ці можна
прачнуцца
шчаслівай?..
Стаць песняй журботнай,
размовай чуллівай?
Сэрца дзяўчыны
не знойдзе спакою.
Стаць аблачынай,
праліцца вадою
ў калодзеж вясковы?
Ды чорная хмарка
зляціць з гары
варонай-пляткапкай,
насыпле гора,
атруціць вадзіцу,
калі да мяне
будзе нехта хіліцца…
Сэрца маё
не знойдзе спакою.
І застаецца толькі…
самою…
плыць чорнаю хмарай
па белым свеце,
у дзюбе смецце,
нядолю несці
ў кожны двор,
у кожную хату…
Дзе й без мяне гора багата.
Пагоняць людзі
старую варону.
Буду лятаць
з дому да дому
ўсё жыццё…
Да скону.