Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дзесяцікласніцы

Сярэдняя: 4.5 (10 галасоў)
Пад кронамі купчастымі
Ляжыць ружовы снег...
Сцяжынкай пакручастаю
Прабег раптоўна смех.

Ідуць дзесяцікласніцы
З апошняга званка,
Лагодзіць твары ласкаю
Духмянасць свежака.

Мяцеліцы пялёсткавай
Шчымлівы халадок
Прымае ў сэрца з лёгкасцю
Семнаццаты гадок.
 
Ён верыць —
                        хутка спраўдзіцца
Надзей усіх прагноз
З нязначнаю папраўкаю
На час і ўласны лёс.

Іх хвалю запаветную
Страмчэй,
                 жыццё,
                              ўздымай!
Шуміць зялёным ветразем
Над светам добры май.

На незнаёмым беразе
Прыстануць іх чаўны...
Зямля ў сукенцы беленькай
Бяжыць на выпускны.