Хоць за смерцю стаяць у чарзе,
Дзеці ёсць дзеці.
Скачуць на адной назе,
Забыўшы пра ўсё на свеце.
Жыццё іх – на валаску...
Кат, не чапай малую!..
Трэсачкай на пяску
Дзяўчынка малюе.
Сонейка – ясны дзень! –
Хата над рэчкай.
З коміна дым ідзе –
Паліцца печка.
Мама
Смачнае самае
На абед гатуе...
Хто іх сягоння з мамаю
Ад смерці ўратуе?!.
Жыццё іх – на валаску...
Кат, не чапай малую!..
Трэсачкай на пяску
Дзяўчынка малюе.
Сонейка – ясны дзень!
Рада малеча.
З коміна дым ідзе...
І з асвенцімскай печы.