Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Грыбная пара

Яшчэ не ацэнена
                         1

Цячэ ў нізоўі з хвойніку туман,
Цягучы і пахучы, як жывіца.
Набухла на імхах глухіх палян
Звільжэла-падапрэлая ігліца.
I порхаўку букатую, як збан,
Крані нагой — яна не задыміцца,
Таму што нараджаецца ў бары
Святочнасць светлая грыбной пары.

                         2

Дажджы адлапаталі. I грыбнік
Вынюхвае угрэтыя мясціны;
Яшчэ чырванабокі маладзік
Гайдаецца, уцюкнуты ў яліну;
А ён збірае, хітры чараўнік,
З лясной аблогі шчодрую даніну.
Знікае ўсё, — ні смерці, ні жыцця,
I толькі радасць першаадкрыцця.

                         3

Спрадвеку бор не любіць пазнякоў —
Напышлівых зайздроснікаў заспаных.
Ім — скрыдлікі ад свежых каранькоў
I россыпы спадманлівых паганак,
Барвянасць вабную баравікоў
Хавае цупкі залацісты ранак.
Ты запазніўся? Слухай, чалавеча,
Як бор з палёгкай плача і шчабеча.

                         4

Над хатамі грыбны віруе пах,
Шчыруе баравіннае застолле:
Замочка, варка, сушка і засолле
I радасць таямнічая ў вачах
Жанок лагодных. — Песцяць як ніколі
Сваіх мужоў у прыпарных начах.
I дзіўна: нестамлёна на зары
Зноў сем'ямі шныпораць у бары.

                         5

Грыбная першародная пара,
Ускінь жа нада мною свае крылы!
Як пагарэлец, навасёл дабра,
Так прагну я тваёй глыбіннай сілы,
Зямнога рэха для свайго пяра,
Бо, як грыбніца, набухаюць жылы.
I думкі непатолеюць, нібы
У сховах нечапаныя грыбы.