Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Анатоль Грачанікаў

Нарадзіўся 8 верасня 1938 года ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага. Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (1960), Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). Працаваў інжынерам. З 1969 года супрацоўнік рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 1971 — намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, з 1976 — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 — часопіса «Бярозка», з 1982 — часопіса «Маладосць».

Друкавацца пачаў з 1957 года. Першая кніга вершаў «Магістраль» выйшла ў свет у 1964 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю...» (1986), «Жнівень-45» (1990). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае». Аўтар тэкстаў папулярных песень.

Выданы на рускай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Усесаюзным літаратурным конкурсе імя М. Астроўскага (1978).

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э. Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан - значыць Радзіма» (1987), М. Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».

Grachanikau.jpg


Яшчэ не ацэнена

свяці, кахання чыстая зара!
свяці - пачуццяў сэрцаў не азмрочвай -
над доляй плугара і песняра
і над высокай доляю жаночай.
усіх людзей пара табе, пара,
з'яднаць чароўнай селаю прарочай.
бо, сапраўды, на свеце без кахання
жыцця няма - ёсць толькі існаванне.



Яшчэ не ацэнена
Ах, Чарнобыль...
Чарнобыль...
Чарнобыль!
Неславутая ў свеце АЭС!..
Ты ў свае праглынула вантробы
Нашу вёску, і поле, і лес. 

I, здаецца, не атам твой
                                    «мірны»
У глухіх ненажэрных катлах, —
Там гараць нашы хаты і свірны,
Там гарыць наш палескі абсяг.

Атруціла зямельку і мову,
Долю нашу скруціла ты ў крук.
I расплавіла шчасця падкову,
Што вякамі каваў паляшук.

Прыйдуць новыя людзі і святы,
Як не ўдараць нязнанай парой
Твае трубы, нібыта гарматы,
Па нашчадках — наводкай прамой.


Сярэдняя: 3.9 (16 галасоў)

Выгод
Паэты на зямлі не маюць,
Той — замаўчыць.
Той — рана упадзе.

У Грузіі паэтаў паважаюць
I любяць іх,
Бадай што, як нідзе.

Муры струхлелі,
I цары знямелі.

Я тым шчаслівы,
Што і я ў гасцях
На той зямлі,
Дзе песня Руставелі —
Паэзіі высакароднай сцяг!

Сваім паэтам —
Сам я быў за сведку —
Дарылі людзі
Ўсмешкі і вянкі
I абдымалі так,
Як тых, хто йдзе ў разведку,
У самы цяжкі час — франтавікі.

Паээія — пяшчота і надзея,
Паэзія — прадонне і абвал,
Узняць паэтаў да нябёс умее,
Каб часам кінуць іх на пікі скал...
Выгод
Паэты на зямлі не маюць,
Але спяваюць,
Але ўсё ж спяваюць...