Я помню лета: сонца – поўна,
І неба сінь над галавой.
Як нечакана, як раптоўна
Спаткаўся, любая, з табой.
Начэй бяссоных адзінота…
Трызьненьняў-мрояў неспакой.
Лагодных рук тваіх пяшчота
На сумны твар кладзецца мой.
Ты мараў, дум маіх крыніца,
Расінка-яска на траве,
Начной залевы бліскавіца,
Праменьчык сонца ў сіняве.
Туманным і дрыготкім раньнем
Я сэрца насьцеж расчыню
І прашапчу сваё прызнаньне,
Ускалыхнуўшы цішыню.
Як нечакана, як раптоўна
Ты у маё жыцьцё ўвайшла.
Я помню лета: сонца – поўна,
І поўна шчасьця і сьвятла.