Калі мяне не стане –
шэры змрок
не стане мнейшым.
Будзе ўсё як кольвек…
Час распачне чарговы свой віток,
не спыніць руху векапомных колаў.
Калі мяне не стане –
штучны свет
не перастане існаваць – дакладна.
Паэт напіша новы свой санет,
а земляроб – пасее зернейка і ладна
зямлю вільготную прыгорне даланёй,
прамовіць ціха:
«Памажы нам, Божа…».
І забруіцца золак над зямлёй,
і ўзыдзе жыта, забрыняе гожа.
І заспяваюць вербы ля вады,
і пчолка завіруе над суквеццем…
Калі я выдыхну апошні свой уздых…
Каб потым зноўку аднавіцца ў леце –
у тварах праўнукаў,
у галасах…
Датуль
быццём цялесным я не спаталюся…
Калі мяне не стане…
А пакуль…
Святому Небу шчыра памалюся…
Святога ветра папрашу: «Даруй!».
«Прабач!» прамоўлю ціхенька палеткам,
галінцы, што зламала...
«Выбач, рунь,
травінка, што стаптала легкадумна ўлетку»…
Калі мяне не стане,
белы свет
апошні ўздых мой лепей хай не чуе…
Я памалюся і сыйду, як след, –
Туды, дзе Бліскавіца з Перуном начуе…