Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Марыя Кобец

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

***
Калі скончацца ўсе крошкі хлеба,
вазьмі далонь маю ў сваю, Мама,
ціха шапні:
– Хадзем са мной, дачушка...
Золак толькі займаецца, глянь на ўсход!
Бач, марыва туману спадае...
Хадзем!
Якраз той час!
Бяры свой посах і руш!
Адсёння – толькі голымі!
Адсёння і раны загояцца.
Кінь торбу сваю грувасткую,
далей з ёй – немагчыміца!
Пакінь сынам сваім адзінае – Слова Святое!
Хадзем жа, хадзем…
Канец – гэта толькі пачатак.
Далікатна крані мае валасы, венчык,
ціхутка моў:
– «Святый Боже,
Святый крепкий,
Святый бессмертный, помилуй нас...»



Яшчэ не ацэнена

***
Чуй, салдат, плача ў полі жаўрук –
Ад нялюдскай нячуласці плача.
Бач, патрушчаны гнёзды і крук
Над парэшткамі ўецца – лядачы.

Чуй, салдат, праз цябе ж яго плач…
Ты – не кат?
Як так сталася?
Зрэшты,
Ты пайшоў на бяззбройных нахрап,
На шпіталі кіруеш ракеты.

Стой, салдат, не страляй, горкі лёс --
Ты рыхтуеш унукам нядолю!
Гэта ж брат твой, сястра, усур’ёз!
Хто тваю недарэчнасць адмоліць?

На якім раздарожжы спачын
Кожны з нас напаткае?
Чакай жа…
Не страляй у цяжарных жанчын!
У дзяцей-немаўлят не страляй жа!



Яшчэ не ацэнена

***
Я цябе, мой сынок, прыгарну,
Прыкажу (папрашу як крывінкі):
- Ты не пойдзеш, сынок, на вайну!
Не, не зробіш ліхое памылкі!

Ты не будзеш забойцам, крый Бог,
І не станешся мясам арматным.
Не вучыла цябе, далібог,
Каб ты рушыў са зброяй на брата.

Кожны дзень ўсіх святых я малю,
(Я з малітвы свой дзень зачынаю),
Каб не йшоў мой сынок на вайну,
Я цябе, Божа мой, заклінаю!

Пракрычу на ўвесь свет, прастагну:
- Абудзіцеся, людзі, паўстаньце!
Супыніце, прашу вас, вайну,
Навязаную нам супастатам!



Яшчэ не ацэнена

Хопіць!
Ужо замнога!
Кроў, ліхалецце, жах!
Стань!
Памаліся Богу!
Люд, загубіўшы страх!

Годзе!
Пастой!
Старога
свету гарыць кляштар.
Хопіць!
Ужо замнога -
Знішчаны ўшчэнт алтар!

Стой!
Супыніся!
Стогнуць,
Дзеці збіраюць прах!
Стань!
Памаліся Богу!
Люд, загубіўшы страх!

Люд, што адвергнуў веру -
разрабаваў крыжы!
Людзі! Ці ж можна верыць
Тым, хто куе нажы?!

Тым, хто фарбуе світкі
чырванню целаў дзяцей?!
Тым, хто ўжо ўвачавідкі
Кроў п'е у іх з грудзей?!

Хопіць,ужо замнога,
пеставаць смерць у руках!
Стань!
Памаліся Богу!
Люд, загубіўшы страх!