Ты спіш, мая стамлёная сялянка,
Руплівіца, прыслужніца палёў...
Аціхлая  ад  клопатаў, дзялянкаў,
Ты ціха спіш ў абдоймах ручаёў.
Ты ціха спіш, і твой ціхмяны подых
Ледзь-ледзьве чутны ў пошуме бяроз.
Замоўклі птахі  – вестуны прыроды,
Святло струменіць месячык наўскос.
Ты ціха спіш, адгушкаўшы ў прыполе
Сваю малечу – дочачак, сыноў,
Што так пяшчоцілі штолета поле,
Што так гукалі ўвосень журавоў.
Ты ціха спіш, душы маёй калыска,
Майго маленства векапомны сон…
Ты састарэла, спахмурнела  –  блізка…
Як быццам чуеш –  блізкі, хуткі скон.
Як быццам бачыш – сонца  не высока,
Гаруеш –  моўчкі, ды ў нямой тузе –
Ні ўздыха, ні адчайнага папрока –
Ты ціха спіш… сцяблінкай на лязе…
…І ціха спі, стамлёная сялянка,
Адвечная  прыслужніца палёў.
Сівая,  мо,  –  ад  клопатаў, дзялянкаў,
Спі, люлі-люлі, у абдоймах сноў.