Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Хай час пагрозна прадзецца...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Хай час пагрозна прадзецца —
Іх радасць ніхто не патушыць:
Дэльфіны смяюцца, як дзеці,
Дэльфіны ўзлятаюць, як птушкі.

Дэльфіны ўзлятаюць,
Пытаюць,
Дэльфіны загадку маюць:
«А што, у вас
Формула веку —
Забіць чалавека?»

«Паслухайце вы, дэльфіны.
He вызначайце шляхі нам!» —
Злуюся, сказаць хачу,
Ды мовы не знаю — маўчу...

I праразаюцца з нематы
Аўчаркі,
               людзі,
                         драты.

I прарастаюць рысы:
Выбухі-кіпарысы,
Выбухі-секвоі,
Выбухі-хвоі,
Выбухі-грыбы, —
Лес бы які быў...

Дэльфіны не знаюць лесу,
Дэльфіны прагнуць прагрэсу.

Хоць нехта бярэ на мушку
Жывое ўсё на планеце —
Ляцяць дэльфіны, як птушкі,
Ляцяць — непапраўныя дзеці.

Я іх амаль зразумеў,
Хоць слоўнікаў пэўных не меў:
«А ў нас формула веку —
Адкрыць чалавека. 
Адкрыць,
Наўзбоч не прайсці...
Вось дзе яго толькі знайсці?

Давайце ж разам шукаць,
Давайце разам гукаць...»

«Давайце! — крычу прастадушна. —
Ёсць чалавек на свеце!..»

...Ляцяць дэльфіны — як птушкі,
Смяюцца дэльфіны — як дзеці.