Беларуская народная казка.
Ажаніўся хлапец. Сабе жоначку ўзяў
Не з тутэйшага краю – з далечы.
З маладою пажыў – шчасце ў хату прыдбаў…
Ды аднойчы паехаў да цешчы.
Цешча, радая госцейку, зяцю свайму,
І паіла яго, і карміла...
Нават смачны кісель згатавала яму:
“Пачастуйся салодзенькім, мілы!”
Хлопцу ўсё спадабалася: цешчын прыём,
Разнастайная ежа , пасцеля…
Ды найбольш зацікавіўся ён кісялём -
На радзіме такога не елі.
Не сцярпеў – запытаўся: “А што за кулеш?
Смаката – пра такую не марыў!”
І адказ атрымаў: “ З кулінаркай жывеш…
Папрасі – і яна табе зварыць.”
Ён паехаў дамоў. На ўспамін сабе ўзяў
Назву ежы смачной і спакуснай -
Колькі ехаў, нястомна яе паўтараў,
Каб зацвердзілі вушы і вусны.
Ды сустрэў чалавека і, ледзь павітаў,
Як забыўся на дзіўнае слова.
Што рабіць? Ён да цешчы свой шлях павяртаў,
Каб яму нагадала нанова.
А каб гэтае слова ізноў не згубіць
Па дарозе ў нудоце бясконцай,
Папрасіў кісялю трохі ў кубак наліць,
Каб пасля паказаць яго жонцы.
Ды насустрач уздоўж прыдарожнай травы
Ехаў пан фанабэрысты ў брычцы.
Ўбачыў хлопец яго – шапку зняў з галавы
Па з дзяцінства засвоенай звычцы.
А з рукі на дарогу кісель яго – плюх!
І ў вялізную лужу - бясцэнны…
“Ах, панок!... Каб цябе…” І няўклюда наш – бух
Бы за скарбам, упаў на калены.
“Што ты, хлопец, згубіў?” – “Ды каштоўную рэч!”
І запоўзалі побач абодва.
“Як знайду, – задумляе ўжо пан, - насамрэч
Прыхаваю сабе назаўсёды…”
Як ні мацалі ў лужыне, ў бруднай вадзе,
Пан і хлопча сабе паасобна,
Не знайшлі анічога такога нідзе,
Што было б на каштоўнасць падобным.
“А нех д’яблы бяруць, недарэка, цябе!
Гразь дарма на кісель вунь змясілі…”
Тут хлапец аж падскочыў: “Успомніў! Кісель!”
І панёсся, бы чорт, на кабыле…
“Пэўна, нейкі вар’ят”, – сумна вырашыў пан, -
Што ты зробіш з такім вось галганам?”
А хлапчына тым часам дадому скакаў –
Да свайго кісяля... і каханай.