Кожны сам за сябе. Не чытай мае вершы, не трэба.
 У гадзіну цяжкую я мушу застацца адзін.
 У нябёсаў прашу я не грошай, гарэлкі і хлеба,
 А спакою навечна пакінутых сонцам ільдзін.
 Хутка сам, нібы лёд, ад усмешак гарачых растану,
 Пабягу ручаямі скрозь Свіслач да бацькі Дняпра.
 Прыйдзе час, я ад гэтага "хутка" хавацца не стану,
 Не шкада мне жыцця: шмат паспеў я пакінуць дабра.
 Гэта добрыя словы, што льюцца павольнай ракою,
 Гэта дзеці дзяцей, што аднойчы падымуць мяне,
 Гэта мова - падмурак дзяржавы, крыніца спакою,
 Гэта шлях, на якім падарожніка слова кране.
 Кожны сам за сябе перад небам трымае экзамен.
 Не чытай мае вершы, згубіўшы сябе ў мітусні.
 А калі прачытаў, то бязмоўя дакорлівы камень
 Кінь далей, вызваляючы сэрца сваё ад хлусні.
 05.03.2014