Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Легенда пра Ашмяны. (паэма)

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)
Легенда пра А ш м я н ы (паэма). Назвалі людзі так здаўна Наш горад проста: Ашмяна – Ад слова па-літоўску “камень”. Паданне гэта ўспомнім з вамі. І Чалавек заможны жыў У тым месцы, як сцвярджалі, А каб смачна еў ды піў,- Такое людзі не сказалі б. Толькі бачылі яны, Што той швэндаўся ў абносках: На ім рваныя штаны, І кашуля не па росту. Ён паходзіць між людзей, Нешта выглядзіць,пачуе, Усміхнецца – і далей Моўчкі зноў зашпацыруе. ІІ Два сыны ў сям’і было (Для нас яны – прапра…прадзеды), Аднога шчасце абышло: Ваўкі заелі, беглі следам. Жывым застаўся брат Ляўко. Калі ж бацькі з жыцця сышлі, Сядзіба іх, зямлі кусок Яму ў маёмасць перайшлі. Але дзіраваю наскрозь Уся была хаціна тая: То залівае яе дождж, То вецер хату прадзімае. Як холад здзекаваўся люты, Хутчэй Ляўко хаваўся ў печ, Дзе спаў адзеты і абуты,- Так прыхітраўся той хлапец. А адаспаўшыся, мурзаты Вылазіў ён на белы свет, Тады насмешкі, кпіны, жарты Яму кідалі людзі ўслед. Ляўко ж сярдзіта мармытаў: -А вось якая табе справа? Цябе вунь, бачыш, не спытаў – Я так хачу і маю права! Ці я табе чым замінаў? Ідзі сабе сваёй дарогай!.. – І ўжо не рад, што закранаў Той чалавек хлапчыну злога. Ляўко – лайдак, а не вытворца. Аднак, як стане гаманіць,- Заткне за пояс у гаворцы Любога ён, як мае быць! Сам па сабе юнак – прывабны, Здаровы, крэпкі, малады, І не такі ж ужо нязграбны,- Якія там яго гады! А валасы да плеч,бародка, А вочы сінія – агонь! Уздыхнула б ні адна малодка Па ім, кабы змяніўся ён. Ды што ўжо зробіш?.. Спрабавалі На хлопца неяк паўплываць: Парады добрыя давалі, Як жыць, у гразь не урастаць… ІІІ Гады два-тры “пагаспадарыў” Ляўко на бацькавай зямлі: Запасы хутка разбазарыў - Пустое поле, без раллі… А вось жа гляньце: прыгажуню Сумеў дзяцюк зачараваць, І тую дзеўчыну-красуню Сасватаць і у жонкі ўзяць. На ўсе пярэчанні бацькоў Дзяўчына цвёрда адказала: -Не вам з ім жыць, а мне з Ляўком, Ён любы мне. Я ўсё сказала! І зразумелі спадары: Няма ніякай іншай рады, Як толькі ёй пасаг дарыць. -Але пасля хай не пішчыць, Не просіць бацькавай парады! Вось так яны і зажылі: Амаль усё рабіла жонка, Ля хаты кветкі зацвілі, Ляўко пры ёй змяніўся звонку. Зарослы, брудны не хадзіў. Калі на поле выязджалі, Там нешта разам ён рабіў,- І моцна тым народ здзіўлялі. Праз пэўны час яна радзіла Ляўку дачушку, двух сыноў. Нібыта, светлая гадзіна Прыйшла, але ў сям’і – праблема зноў. ІY Паводле панскага загаду У войска царскае ісці Ляўку патрэбна неадкладна, Каб службу цяжкую нясці. Служыць тады рэкрутавалі Гадоў на дваццаць-дваццаць пяць, Кармільцаў з сем’яў забіралі – А супраць нельга і сказаць! Кабета ў плачы галасіла: -Прыйшла да нас у дом бяда! Дай, Божа, мне здароўя, сілы, Бо застаюся я адна, Як камень той на нашым полі, Маўкліва што ўзвышаецца, Ці той, ля рэчкі, што на доле Даўно з зямлёй зрастаецца. І гаспадарка, і малыя На плечы ложацца мае… -Не плач, абыдзецца як-небудзь,- Ляўко усцешваў яе. -Табе абыдзецца… на службе, Дзе кормяць, пояць, спаць кладуць. А з дзецьмі мне нічога дужа Так проста людзі не дадуць. Маўчаў Ляўко, а што тут скажаш? Абняў сваіх на развітанне – З такімі ж рэкрутамі разам Пайшоў у войска на світанні. Y Пайшоў, нібы ў балота шуснуў: Быў чалавек – сышоў, прапаў, Ані няма ніякіх чутак,- Хоць бы хто слоўца перадаў! Па ім кабета сумавала. Але мінаў за годам год – Усё радзей успамінала Ляўка за цяжарам турбот. Малыя бацьку слаба зналі. А час ішоў – дзятва расла: Сыны вунь, як дубы, паўсталі, Дачка-красуня падрасла. І маці сэрцам адчувала: Пасаг патрэбна рыхтаваць – Навокал дзецюкоў нямала Сватоў гатова засылаць. Вось тут і згадвала пра мужа, Ды думкі тыя – ўсё часцей: Што ж гэта будзе за вяселле, Без бацькі сустракаць гасцей? Ды ёй наогул невядома: Жывы салдат ці можа – не? Каб знаць, што больш не ўбачыць дома,- З тым бы змірылася раней… У сумных момантах чакання На поле ў роспачы ішла, Сядала на той самы камень, І думкі у вянок пляла: Успамінала пра Ляўка, Як з ім на полі працавалі, Чым частавала мужыка, І як ля камня спачывалі… Затым нясцерпную тугу Яна рашуча праганяла. Сабе казала: “Я змагу!”. Далей – задачы планавала: -Вяселле трэба так зрабіць, Каб хібаў не было ніякіх. Ды чым гасцей паіць-карміць, Якія падаваць прысмакі. Yі І сапраўды, у нейкі раз, Прыйшлі сваты да іх у хату: -У вас – тавар, купец – у нас, І малады, і зухаваты,- Ну як, згаворым дзеўку ўраз? Жанчына гэтага чакала, Падрыхтавалася даўно: Пітва, яды нагатавала – Закускі розныя,віно… Заве яна сватоў к застоллю – Чым Бог паслаў, перакусіць: -Мы пры стале накрытым здолеем Любую справу вырашыць. Так,за сталом знайшлі дамову: -Вяселлю праз два тыдні быць! Затым сваты пайшлі дадому, Кабета легла адпачыць. Ляжыць жанчына. Шэры вечар Згушчае цемру над дваром. Яна не спіць, і ёй здаецца: Хтось ціха ходзіць за акном. Устала,глянула ў акенца – І бачыць: гэта чалавек Стаіць ля грушы…- сэрца б’ецца, Дыханне збілася ў яе. -Высокі з віду і здаровы,- Яна ўглядаецца ў акно: -Апрануты, не як вясковы, З-за цемры твару не відно. Глядзіць на постаць, а за дзверы Баіцца выйсці, не рашыцца. Ужо і ноч – у поўнай меры, А той стаіць, не варушыцца. А сэрца, сэрца – прадчувае Доўгачаканую сустрэчу. -Эх, будзь, што будзе! – адкрывае Жанчына дзверы ў цёмны вечар. Шагнула з ганку у садок, Ён – ёй насустрач з цемнаты. Жанчына ўскрыкнула: -Ляўко! Мой муж любімы, гэта ты? Yіі -Пазнала жонка… А я думаў, Што не застану тут жывых: Я знаю шмат здарэнняў сумных, Салдаты ўзгадвалі пра іх. Амаль што дваццаць год мінула, А тут - ажно усё на месцы. І нават стала вельмі ўтульна, Сядзіба большаю здаецца. Пасля абдымкаў-пацалункаў Вядзе у хату жонка мужа: -Шанцуе ёй ва ўсіх варунках, Сустрэчы гэтай рада дужа. -Ну, раскажы, мой чалавеча, Дзе пабываў і як служыў, Адкуль у гэты цёплы вечар, Вярнуўся ты, што перажыў? -За столькі год усё бывала. І цяжка, і крыху лягчэй. Паранен быў, ”пашанцавала”, Таму прыйшоў дамоў хутчэй. Мяне адтуль камісавалі, Бо стаў салдатам нікудышным, Білет мне белы ў рукі далі,- Вось так усё яно і выйшла. А дзеці ж дзе? -Пайшлі гуляць. Дачку вунь сёння запівалі – Вяселле хутка нам спраўляць. Сыны-дубы павырасталі, За імі дзеўкі – аж вішчаць! Нам зараз, бацька, лёгка будзе: Сям’ёю станем працаваць – Супольна шмат чаго здабудзем. І мне не трэба гараваць. Ляўко ў адказ ёй: -Жонка,слухай. Не ўсё паспеў я расказаць. Цяпер не варта так з натугай- А то й зусім- нам працаваць. -Чаму? -Ды сродкаў многа маем. -Шмат заплацілі за раненне? -За раны прэмій не бывае, Здабыў багацце ў сутыкненні. Yііі І расказаў пра бой ударны, Калі ён ворага забіў. -Здаецца, турак ці татарын Той камандзір варожы быў. А на вайне, калі салдата, (Хоць генерала!) хто забіў, Тады ён вобыск супастата Законным захадам рабіў. Так і Ляўко зрабіў адважна, Пераканаўся – нездарма: У ранцы той нябожчык важны Меў залатых манетаў шмат. Ляўко набіў сабе кішэні І шапку поўную нагроб, Пасля ўсё перасыпаў жменяй У свой у рэчавы мяшок. Той рэчмяшок з каштоўным скарбам Вазіў-насіў салдат з сабой, Спаў у намёце ці ў казарме, І з ім хадзіў у смертны бой. Прайшоў дарог-шляхоў нямала, Знаў перамогу і тугу. Праз нейкі час вайна дастала – Злой куляй раніла ў нагу. Ён рану неяк завязаў, У тыл Ляўка сябры валочуць. Нікому каб не замінаў, Мяшок забраць салдаты хочуць. А той яго не аддае І моцна ў дзве рукі трымае. -Ды выкінь транты ты свае! А можа, золата там маеш? -Так,сапраўды ў ім залацішка- Ляўко ўсё ў жарт звясці спрабуе- З салдатскай пайкі сваёй, з лішкі, З анучаў золата раблю я. -Глядзіце,хлопцы: вось мужчына! Яго параніла – смяецца, І боль трывае. Малайчына! Такі ніколі не здаецца… Амаль паўгода праваляўся Па розных шпіталях Ляўко, А сіл ніяк не набіраўся, Увесь схуднеў, на трэску ссох. Чыны вайсковыя рашылі: -Ты не салдат цяпер – шкілет. Дамоў ідзі, што маеш сілы! І белы выдалі білет. ІХ -Ой, мужу мой, ты так трываў! Табе балела і смылела, А хоць бы хто паспачуваў…- Сляза у жонкі заблішчэла. -Не плач пра тое, што прайшло. Дурным, як быў у маладосці, Цяпер не буду. Час прыйшоў – Займемся справай,ягамосці! Зямлі прыкупім – грошай маем, Не хоць якіх, а залатых… У мех жанчына заглядае: -О, Божа ж мой, як многа іх! Куды мы гэта ўсё схаваем? -Кабета, не перажывай! Гаршкі твае панасыпаем, Іх ты ў падпечак захавай. Нам, жонка, нечага баяцца: Няма людзям адкуль пачуць, Што маем мы з табой багацце, А дзеці нашы – не скрадуць! -Ты праў, Ляўко. А з дочкай як? Я перад гэтым меркавала, Які ёй зладкаваць пасаг. Цяпер з табой нас двое стала. -Мне зразумела – ўсіх здаволім: Дачушцы будзе і сынам. Яшчэ застанецца даволі, Каб доўга жыць без клопат нам. Кладуцца спаць, пагаманіўшы, Але той сон ніяк не йдзе – Дзе ж тут заснеш, калі не сцішыць Эмоцый радасных падзей. А на світанку дзеці ў хату З гуляння ціхенька зайшлі. О, то была сустрэча з татам, Што за размовы тут пайшлі!.. Той дзень нарэшце наступае Дачушку замуж аддаваць. Ёй шапку грошай насыпаюць – Іх госці ўражана маўчаць: Ніхто ніколі на вяселлі Такі пасаг і не ўяўляў. Маўляў: златоўку-дзве сумелі б, А тут… - Ляўко народ здзіўляў. Х -Ну вось, вяселле адгулялі. Далей Ляўко рашае так: Каб людзі ім не пагарджалі, Ён сцісне волю у кулак. За гаспадарку стане брацца Трывала, моцна – так, як трэба. Бо знае: мусіць пастарацца, Каб урадлівай стала глеба. Зайшоў з сынамі ён на поле, Валун вялізны дзе ляжаў. Шурпаты камень даланёю Па боку гладзіў, разважаў: -Вось бы цябе, каменьчык мілы, Да пэўнай справы далучыць, Прыладзіць так, каб твае сілы Змаглі бы людзям паслужыць… -Якую справу ты плануеш?- Пытае ў бацькі старшы сын. -Ляжыць спрадвеку тут ён,чуеш?- Малодшы адгукнуўся сын. -Так, хоць здаўна тут велікан, Ды годны справы ён не горшай. -А камень наш завуць Ашмян, Так дзед стары адзін казаў,- Уставіў зноў сваё малодшы. -Два камні, хлопцы, трэба нам. Ля рэчкі вунь ляжыць адзін, Адсюль мы возьмем Ашмяна,- І на рацэ збудуем млын. -А ці па нашых сілах тое? Тут коньмі цяжар не сцягнуць, А нас, як бачыш, толькі трое – Нам нават з месца не скрануць! -Дык памагчы людзей запросім. Хто не пагодзіцца за так, Таму грашамі мы заплоцім, І справу зробім – любата! Так і зрабіў: наняў наўкола Людзей патрэбных, і яны Змайстрылі два млыновых колы – Пайшлі у справу камяні. Сяляне з вёсак навакольных Павезлі ў млын малоць муку. Працуе млын чым далей – болей Людзей з’язджаецца к Ляўку. Спачатку ён малоў бясплатна, Бо з службы ў войску добра знаў, Што ёсць удзячнасць, а што – сквапнасць, Пасля ў людзей па-боску браў: Апошняй скуры не здзіраў. І жонка радуецца мужу, Бо бачыць плён яго турботаў: Сыны працуюць з бацькам дружна,- Усё ў парадку,жыць ахвота! ХІ Стары той самы, што ашмянам Вялікі камень называў, З’явіўся ў млыне нечакана, Сеў на парог і цікаваў. Глядзеў на тое,як на жолаб Вада трапляла струмянём, Круціла млынавыя колы, А тыя – жорны з ячмянём. Мука бялюткая,як снег, З-пад жорнаў сыплецца ў мяшок… Глядзеў ды сам-сабе бубнеў, Нібы заведзены, дзядок: -Калі б хто змог сабе ўявіць: Ашмян, выходзіць, прыкаціўся, Людской карысці каб служыць! Я шмат пражыў, і то – здзівіўся… А млын Ляўкоў,і праз гады, Часцей Ашмянам называлі: З-за камня, што ўзялі сюды, Малоць муку прыстасавалі. . . . . . . . . . Шмат з той пары вады ўцякло, Млына не засталося следу, Памёр і сам млынар Ляўко, Сышлі ў зямлю, хто яго ведаў… Жывую памяць тых падзей Народ захоўвае здаўна. Пра месца гэта між людзей Казалі так: ля Ашмяна. “Ля камня-млына-Ашмяна”, А потым проста: Ашмяна- Свой горад людзі называлі,- Адтуль вось і Ашмяны сталі. *** Air Jordan III 3 Shoes