Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Лёс лесу

Яшчэ не ацэнена

Ахвярны лёс старых бароў:
Калі жывіца нам патрэбна –
Лязо паблясквае срэбна –
Мы ў дрэва адбіраем кроў.

Чаго не зробіць чалавек,
Каб сыравінай пажывіцца!?
Цячэ бурштынная жывіца
За годам год, за векам век…

Злачынства?
Божа барані!
Прырода створана старанна,
І гоіцца паціху рана…
Ды ёсць у тым адна загана –
Слабее дрэва й карані.

Так, недарэчнасць ёсць адна.
Калі ты розумам багаты,
Заўсёды на будоўлю хаты
Ідзе смалістая сасна.

Заўважыў чалавек здавён,
Што калі дрэва не падсочыць –
І шашаль хату не паточыць.
Бярвенне будзе, быццам звон!

І я, нарэшце, зразумеў,
Чаму чужынскія чынушы
Лязом указным рэжуць душы:
Каб не было смалістых дрэў!

І дрэвы кволыя ў камлі…
Я ўласнай скурай адчуваю
Амаль нячутны енк адчаю
Маёй падсочанай зямлі.

Кругом пяюць: “Народ здароў!..”
Ужо і слоў мне не хапае.
Па кроплях мова выцякае –
Жывіца Бацькаўшчыны,
Кроў!