Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Лыч і кліч

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Рой і род... Раіцца і радзіцца.
Мёд і рот... Збіраць і спажываць.
Рой і мёд — ні крыку, ні амбіцый.
Нам бы так — ад зерня да жніва...
Толькі штосьці ў чалавечым родзе
Усё інакш: дзе мёд — глядзіш, і мот
Крылы разгарнуў, і на выгодзе
Сто ратоў злілося ў хіжы рот!
На калені ставіцца сумленне,
Да карыта стольнага паўзе,
Следам прэ нашчадкаў пакаленне
I навуку бацькаву грызе.
Похапкам старога пераплюнуць —
Рыцары кар’еру здабываць.
I пачне столаначальнік юны
Капытом пячаткі адбіваць.
Ледзьве не з пялёнак — у эліту,
Да размеркавальніка кармоў, —
Ад лычоў гайдаецца карыта,
I гудзе трыбуна ад прамоў.
А калі спытаць — аб чым прамовы? —
Тут жа засмяюць, як цемнату:
— Ты не чуў? — гукнуць. — Перабудова!
То збівай ідэі на ляту!..
Абагнаны парасячым статкам:
— Вось я і на пенсіі, лічы, —
Усміхнецца кіраўнічы татка
I прашэпча: — Па харчы, лычы!..
Сунецца ў аўтамабіль фартовы
Задам, быццам у дупло мядзведзь, —
Трэба паспяшаць: з перабудовы
Прыбудову цёплую займець!..
Лыч і кліч — з’ядналіся ў хаўрусе, —
Вось дзе край — Жыві-не-памірай...
Кажуць, не дзяцей прыносіць бусел,
А пасады ў гэты штатны рай...
I вісіць — як цяжар шматпудовы —
Гнёт пытання — і ўначы і днём:
Трэба пачынаць перабудову —
Трэба, — а з каго, аднак, пачнём?..
Чаго мне лезці ў д’ябальскі натоўп,
Што прэцца на дзяльбу чыноў і славы?
Я толькі Ной, што ў атамны патоп
Ратуе слова продкаў ад расправы.
Імчацца наабгонкі стрымгалоў?
Не той узрост і не ў маёй натуры.
Бяжыце, забівальшчыкі галоў,
У браму прызавой футбалатуры.
«Мазіла!», «Пас!» — балельшчыкі крычаць,
З трыбун крытычных патрабуюць: «Шайбу!..»
А словы ціха да майго пляча
Злятаюцца з нямой, сусветнай жальбай.
Сядаюць парамі — ад кожнага гнязда:
На радавод, для будучых узлётаў.
Адна надзея ў нас, адна бяда:
Нам трэба выжыць. Іншае — на потым.
I я шапчу: «Трымайся, мой каўчэг...»
Гукаю словы будучага сказа:
«Збірайцеся з-пад шатаў і з-пад стрэх.
Калі патонем, то, напэўна, разам...»