Мае Капаткевічы
Невядома, куды лёс закіне
І калі я вярнуся дамоў.
Толькі ў сэрцы ніколі не згіне
Да малое радзімы любоў.
Тут дзяцінства маё праляцела
І настала юнацтва пара.
На галінках раса зіхацела,
Ружавела над рэчкай зара.
Тут свяціла мне сонца ў вочы,
Закалыхвалі зоркі мой сон,
Вышывалі зарніцы штоночы
Ад жыццёвых нягодаў заклён.
Тут у вокны да самага ранку
Ціха стукаў галінкаю бэз.
Салавей праспяваў на світанку
Развітальны са мной паланез.
Тут бацькоўская хата аднойчы
Адчыніла мне дзверы ў свет.
Пахрысціўшы дарогаю тройчы,
Адпусціла мяне ў сусвет.
Мне прысняцца не раз Капаткевічы,
Мой адзіны ў свеце выток.
Не забуду я век Капаткевічы,
Свой любімы з маленства куток.