Калі любоўю незваротнай
Расстання боль не залячу –
Вясновай птушкай пералётнай
Я на Палессе прылячу.
Прымі паклон, зямля святая,
Надзей світальная зара,
Дзе Прыпяць-матухна люляе
Свайго сыночка Мазыра.
Дзе салаўіныя світанні,
Як звон, асвечаны псалмом,
Прабудзяць у душы адхланне
Ружовым сцішаным святлом.
Дзе ночкай мройнаю планіды
Дрыгавічоў, радзімічаў
Снуюць, бы тыя Леаніды,
Між курганоў і селішчаў.
А ў курганах тых дрэмлюць тайны
Забытай спадчыны вякоў.
І ў лад ёй музыкай расстайнай
Ліецца споведзь землякоў…
Ды ў ёй нязбытным крэўным болем –
Трывога матчынай бяды
Штодзённа сэрца маё коле.
Палыніць горыччу гады.