Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

На сцежку маленства ступіў басанож...

Сярэдняя: 4.3 (6 галасоў)

На сцежку маленства ступіў басанож,
Ды, мабыць, абуцца мне прыйдзецца ўсё ж:
Ад вёскі да рэчкі яе замяло
Бутэлек патрушчаных вострае шкло.
Звярнуў я на ўзлесак.
Яшчэ не забыў,
Калі ў касавіцу з крыніцы тут піў.
Але не напіцца з крыніцы нагбом:
Глядзіць яна ў вочы спусцелым гняздом.

Разгублены, моўчкі блукаю ў бары.
Крамяныя вабяць прыроды дары.
Ды голас пачуўся:
— Грыбы не бяры!

Куды ж я патрапіў,
Скажыце, куды?
Здзічэлаю зграяй крычалі каты
Уздоўж расцяробы, залёгшы на пнях.
Сабакі скуголілі недзе ў карчах.
I хмаркі, нібы баючыся зямлі,
Высока ў нябёсах, як птушкі, плылі.

За соннай лукой кацярок тарахцеў.
З дынаміка нёсся пранізлівы спеў,
Яго я даўно ўжо не чуў у жыцці:
«И на Марсе будут яблони цвести...»
Далёка да Марса, а тут, на зямлі,
Як жыць нам, нядолі сваёй кавалі?