Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

На ўзлессі свецяцца наскрозь асіны...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

На ўзлессі свецяцца наскрозь асіны,
Як перад сонцам юная далонь.
Дубы завуць мяне на імяніны,
I я нясу вітальны свой агонь.

Запалка выбухнула без асечкі,
Матыль гарачы б’ецца паміж рук.
Гары, касцёр. Жывым не ставяць свечкі.
Гары, касцёр, мой даўні светлы друг.

Сягоння дзён былых паліць не будзем,
Каб не панёс чагосьці мутны дым;
I нават жалуды бубняць аб тым,
Што ўсё на свеце застаецца людзям.

Я вучань, першакласнік я нясмелы,
Вучуся ў мудрых дрэў, а не ў магіл.
Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы,
З тугім запасам жыццядзейных сіл.

Аб вечным думаю, амаль цвярозы,
На імянінах векавых дубоў.
Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы
Мільгаюць ля маіх маўклівых броў.