То не гул завірухі мяцежнай
І не рокаты ўпартага мора, —
Гэта Нёман разліўся бязьмежна
На грудзях Беларусі прасторнай.
Чую песні стыхіі-разводдзя,
Не стрымаць твае вольнае плыні!
Упусціла старое паводдзе,
Калі вір маладога нахлынуў.
І шумяць аграмадзіны-крыгі,
Разганяюцца ўдаль безупынна!..
Анямелі мінулага ўздрыгі
Ў хвалях жыцця магутна-няспынных.
О, бурліва-кіпучыя хвалі!..
Вам не страшны пажар навальніцы;
У прыгожа люстраныя далі
Разам з вамі і мне не спыніцца.
Адпіхнуўшы ад берага човен
І махаючы прысам кляновым,
Я плыву, - і надзеяю повен,
Што спаткаю сусвет вольна-новы!