Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

прырода

Сярэдняя: 4.2 (122 галасоў)

***
Вячэрняя прахалода.
Спякотлівы дзень, бывай.
Няхай адпачне прырода,
Бадзенеўскі родны край.

Ну, колькі ўжо можна парыць?!
А заўтра ж – пад трыццаць пяць!
Адно застаецца: марыць
І вершы ўначы складаць

Пра дожджык грыбны-лагодны,
А лепей – каб як з вядра!
Даволі ўжо дзён пагодных:
Грыбная стаіць пара!

Ды толькі ж ані грыбочка,
У лес ні пайдзі які,
І дрэвы свае лісточкі
Паскручвалі, бы ў кулькі.

Эй, дождж, ты не спі, прачніся!
Эй, сонца, суціш прыгрэў!
Няхай праліецца з высі
Вады выратоўны спеў!

Няхай ачуняюць трошкі
Узлескі, лясы, палі
І скажа сваяк мой Лёшка:
“Якія грыбы пайшлі!”



Сярэдняя: 4.5 (165 галасоў)

***
Навакол – зямная прахалода.
Дождж пайшоў спаволенай хадой.
І сады ўздыхнулі, і гароды,
Дажджавой абмытыя вадой.

Ажылі прывялыя ўжо травы,
Кветкі ўверх прыўзнялі галаву,
І дубок маленькі кучаравы
Нібы шэпча некаму: “Жыву!”

Сінява выглядвае з-за хмары,
Бы чакае вызвалення міг.
Хутка сонца зноў загаспадарыць
На абшарах вечнасці сваіх.



Сярэдняя: 4.4 (383 галасоў)

He напісаць з замілаваннем верш
Пра мой Дняпро, стамлёны і агорклы.
Чым ён яшчэ, атручаны, жыве
Пад позіркам біблейскай Чорнай зоркі?

З жалобаю схіляюся над ім.
Быў вечны, нібы бог, а памірае.
Hi крыўды і ні зла не прытаіў,
Нікога і нічым не дакарае.

Існуй далей, гадуйся, чалавек,
Загінеш хутка пад уласным смеццем.
Я перажыць паспела столькі рэк,
Што ўжо жыцця страшуся, як бяссмерця.

I словам я не здольна ажывіць
Панішчаныя нашыя святыні,
Хіба вады атрутнае папіць,
Няхай душа знябудзецца, астыне...



Сярэдняя: 4.3 (40 галасоў)

Студзень студзіць вокны, дзверы
подыхам мяцеліцы.
Завывае люты зверам –
аж дрыжыць аселіца.

Сакавік – з гаючым сокам,
з сонечнаю ласкай.
Красавік... І на узлобках
зацвітаюць краскі.

Луг вітае першатравы.
Травень... Час маёвы.
Чэрвень пчол выводзіць спраўна
на папас мядовы.

Хмеліць пахам размаітым
ліпень – аж нясцерпна.
Жнівень жне шчымліва жыта
месяцовым серпам.

Паліць верасень кастры
сінню верасовай.
З павуціння тчэ кастрычнік
дываны шаўковыя.

Лістапад... І ліст мядзяны –
водсвет зараніцы.
Снежань гоіць беллю раны
змоглае зямліцы.

Чую назвы месяцаў
роднае старонкі...
Колькі ў назвах месціцца –
гаваркіх і звонкіх!