народжаныя ў 80-я
мы глыбока траўмаваныя 90-мі
мы нясем гэтую траўму праз лёс
ні ў чым не знаходзячы радасці
мінулае нашае
дзяцінства нашае
стаіць увесь час у нас
перад вачыма
мы грубыя
мы бяздушныя
мы цынічныя
неўратызаваныя
псіхапатычныя
вы
народжаныя напрыканцы 90-х
на пачатку нулявых
мяккія
надта пазітыўныя або
надта аутычныя
фрагментарныя
нас жыццё стаміла ў 30
а вы ўжо нарадзіліся стомленымі
вы любіце моцную каву й мафіны
а мы напіцца
і пакуль
мы не сыйдзем адсюль навечна
разам з нашай незадаволенасцю
нашай нянавісцю
нашай бездапаможнасцю
вам
з вашай траваяднай пакорай
вашым жыццялюбствам пустапарожнім
вашай млявай нішчымнай дэпрэсіяй
ня будзе спакою
мы
быццам жывёлы хворыя
будзем гнацца за вамі
да скону
і кусаць
кусаць
кусаць