Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ноч разліта ў кубы-кватэры...

Сярэдняя: 2.7 (3 галасоў)
Ноч разліта
                  ў кубы-кватэры.
Вы заснулі?
                 Мая зараз
                                  дзея:
Я бязгучна насцежу дзверы,
Я іду па зямлі чарадзеем.
Крок назад
                 усім дазваляю —
У сваю пачатковую існасць:
I —
       сталы лісцём абрастаюць,
З паліто уцякаюць лісы,
Шапкі
          вушы тапыраць, як зайцы,
Ды бягуць пашчыпаць канюшыны,
З футра
            раптам выццё праразаецца,
Б’е падушка крылом петушыным,
Жалуды — на дубовай шафе,
Шышкі —
             спеюць на мачтах гулкіх,
I крыжы з нематой эпітафій
Зелянеюць над вечным прытулкам...
Крок — у існасць, а на світанку,
Як надыхаюцца,
                      нагуляюцца,
Узнімаю трубу-берасцянку,
Клічу ўсіх —
                    і казка канчаецца...
А палынная горыч хмарай
Над душой чарадзейнай кружыць,
Што не маю сілы ўладарнай
I замовы не знаю, каб кужаль
Не рабіўся зноў
                       чорным сцягам,
Не ўпіваўся дымам пажарышч,
Каб пратэз, што калека нацягвае,
Зелянеў дубком над імшарай,
Каб свінец, што па кулях раздзелен,
Манументам узнёсся да неба,
Каб збыліся
                   усе надзеі... —
Што ж яшчэ
                   чарадзею
                                   трэба?..