Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ода Малой Радзіме

Яшчэ не ацэнена

(Маёй любай Зэльвеншчыне і вёсцы Залацеева)

На ўскрайку сяла,
Дзе бяроза расла,
А з палеткаў шумела пшаніца,
Пад напеў салаўя
Нарадзілася я,
У кутку, што з дзяцінства мне сніцца.

Там хлявы да хацінаў
Туліліся ў дождж,
А над гаем цвілі бліскавіцы…
Там абапал дарог
Рос рамонак і хвошч
І лясок называлі «Крыніцы».

Там Зяльвянка рака
Між ракітаў цякла,
Торф капалі - якое багацце!
Там дзяўчынкаю я,
Як валошка, расла,
І каханне жыло
Ў нашай хаце…

Там была не такая,
Як зараз, зіма!
Завіруха не выла, спявала,
А пазёмка мяла,
Нібы птушка сава,
След дарожны
Хвастом замятала.

Там сумёты, нібы
Вырасталі з зямлі
І далоні цягнулі да даху,
А вясною цюльпаны
Ля ганка цвілі...
Не было, ні трывогі,
Ні страху.

Там і летам было
І цяплей, і смачней!
Ліпа пахам мядовым паіла,
А світанкі будзіў
Сапраніст-салавей
І любоў выпрабоўвала крылы.

А каханне, як восень,
Кружыла лістком,
Абяцала і шчасце, і долю
З навальніц выляталі
Маланкі і гром
Вырываўся з аблокаў на волю.

І было гэта, дружа,
У родным кутку,
Што Радзімай Малой называем.
Яна сэрцам маім
Ажывае ў радку…
Я ёй оду пашаны спяваю!