Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Пачатак

Яшчэ не ацэнена

Цягне холадам, як з рэчкі.
Змрочна тут і ў ясны дзень,
Ды агеньчык вечнай свечкі
Сцяў сваім ланцэтам цень.

Зноў у келлі – ён,
Каторы,
Як палонны,
Дзень у дзень
Перапісвае паўторы.
Да Скарыны шлях не скоры –
Не заззяў яшчэ прамень…

Чалавек рыхтуе пёры.
Задуменнае чало…
У паўзмроку зноў скрыпторый,
Каб наўкол было святло.

Тут прайшла жыцця палова –
Той дарогі з тлену ў тло…
Сёння ўсё пісаць нанова –
Памаліўся,
Каб пайшло.

Паўтарылі вусны Слова,
Каб нічога не забыць…
А папера, як абнова,
Так прывабліва ляжыць,
Быццам грэе стол дубовы…
І свавольная рука
Прыадкрыла сэрца сховы:
Да людзей ляцець гатовы
Першыя Святыя Словы
Вершаванага радка!

2001