Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Пакуль жыве мая бяроза

Сярэдняя: 4.8 (11 галасоў)
Пакуль жыве мая бяроза, —
Бунтуе полымя ў крыві
I не збіваюцца на прозу
Святой любові салаўі.

Наскрозь
                жыцця густую крону
Пранізвае іх звонкі свіст.
На дол спалохана-здзіўлёна
Ляціць яшчэ зялёны ліст.

Я сам — мурожная палянка,
Дзе,
        чыста ўмыўшыся расой,
Стаіць бяляначка-славянка
З шаўковай русаю касой.

Душа, асветленая промнем
Яе глыбіннае красы,
He стоміцца заўсёдна помніць,
Адкуль пайшоў
                            і чый я сын.

На пуцявіне чалавечай
Зямны
            прымаю ўдзячна лёс,
He вечны мы
                        пад Шляхам Млечным,
Ды вечнае
                  святло бяроз.

Яно ліецца апантана
Над скрыжаваннямі трывог,
Каб і наступнік наш нязнаны
Яго ў сабе навек збярог.

Жыві, бяроза!..
                           Светлым болем,
Шчымлівай радасцю звіні...
На гэтым свеце
                          нас з табою
Адны
           трымаюць карані.