Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Псалом

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Гасподзь, у лiтасцi сваёй
Памiлуй грэх майго праступку.
Ня вылей над маёй раллёй
Пякучы яд у шкляным кубку,
Гасподзь, у лiтасцi сваёй.

Даруй мне шчыра за сумнеў,
За прагнасць сэрца i сумлення,
Даруй за легкадумны гнеў,
Змахнi з iлба начныя ценi.
Даруй мне шчыра за сумнеў.

Ты не пакiнь мяне, Гасподзь,
Калi натруджаную душу
Шалёна спакушае плоць –
Я вытрымаць яе прымушу.
Ты не пакiнь мяне, Гасподзь!

Дай мне падтрымку i савет,
Як абмiнуць марскiя рыфы,
Дзе ў пекле курчыцца сусвет,
Дзе пажыраюць сэрца грыфы.
Дай мне падтрымку i савет.

Каб не згубiў нiколi я
Тваёй святлiвае любовi,
Якой пужаецца змяя;
Далонi цёплай ва ўзгалоўi
Каб не згубiў нiколi я.

I на зыходзе дзён маiх
Перад магiльным пераддзвер’ем
Даруй нябёсаў залатых,
Суцiш халоднае нявер’е
Ты на зыходзе дзён маiх.