Рамонкавы хлопчык,
у джунглявых травах па плечы,
Ты пырхаеш зранку
у красках накшталт матыля.
Спагадны да ўсіх,
ты яшчэ не баішся сінечы
I сочыш з увагай
за сытым гудзеннем чмяля:
Напіўшыся мёду,
глядзіш, як сярдзітыя восы
Пікіруюць дружна
на душны прыземлены сад.
Як джаляць пякуча яны!
А ёсць бамбавозы,
Што рокатам чорным
бацькоўскі хіснуць палісад.
Даверлівы хлопчык,
ты ціхім заходзішся плачам,
Размажаш па шчоках
пацёкі слязы, як смалы.
А ёсць яшчэ гора,
што бліскае джалам гарачым —
Гарластых гармат,
а не сосен нагрэтых ствалы.
I краскі счарнеюць,
ты чуеш планеты дрыжанне.
У свеце разгойданым —
тупат шалёны каня.
Праз попелу дым
і каня нелюдское іржанне,
Праз спалены луг
бяжыць столькі год хлапчаня.
Бяжыць ён у сне,
схаладнелы ад ліпкага поту,
Да цёмных крыніц,
што крывёю братэрскай кіпяць.
Кашуля — як ветразь.
Хто меў нелюдскую ахвоту
Яе бессардэчна
і гэтак навечна напяць?
А недзе пад ветрам
гайдацца выносістым пальмам,
Сланам шукаць засень,
дзе дыхаць у спёку лягчэй.
А можа, і там
пад бязлітасна грозным напалмам
У попел рассыплюцца
яблыкі спелых вачэй?