Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
Каб дзецям жыць лягчэй было.
У. КАРАТКЕВІЧ
На гары, што вятрамі апета,
садзім бульбу — кладзём у раллю
жмені памяці, сонцам сагрэтай,
жмені веры ў бясконцасць сваю.
Дотык пальцаў да глебы золкай —
нібы дотык да родных рук,
што вякамі вялі разоры,
круг за кругам ганяючы плуг.
Гэта глеба — падзол небагаты —
скарб найбольшы ў свеце для тых,
хто аднойчы стаў звацца аратым...
Ёсць у глебе і зрок і слых.
Садзім бульбу — гаворым з раллёю
пра жыццё і з глыбіняў зямных
чуем кожнай вясновай парою:
подых продкаў ідзе да жывых.