Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ШПАЦЫР ПА СТАРОЙ ГОРАДНI

Сярэдняя: 4 (11 галасоў)

За віртуозамі былога –
Метафар, стыляў, слоўнай вязі –
Крадзіся ў празе дыялога
Па прахадных дварах фантазій.
Нырай таемна ў падваротню,
Нібыта ў сэнс рамана цёмны,
Хадзі і ўчытвайся ў Гародню –
Гаючы том з закладкай Нёмна.

Наўдачу крочучы па бруку
Непараўнальнага выдання,
Ты вобмацкам памылкі друку
Лаві на твары скрыжавання
I пазбягай цямнот, дзе тонкі
Падтэкст хаваецца, як Каін,
Лістай уважліва старонкі
Пацёртых па вуглах ускраін.

Там, дзе, памазаныя мірам,
Мяцеж і голад, кроў і сцені,
I Братчык, вывержаны з Міра,
Распяты ў залатым сячэнні,
Дзе асавелымі вачыма
На крыж вытрэшчваецца лотра,
Калі адолець немагчыма
Вяршэнства кардынала Лотра.

Дайдзі да моста, дзе шпалерай
Стаяць, нібы двухтомнік твораў,
Быкі каменныя, і верай
Сцішаюць плыні жорсткі нораў,
Як два разбойнікі абапал...
Iх выбар: ганьба альбо роскаш, –
Агнём і прыскам крыж закапаў,
О, Раввуні і Богдан Роскаш!

Але не да ракі, а ў далі
Вядуць сляды дарогай глейкай,
Дзе гістрыёны вандравалі
З простанароднае батлейкай,
Дзе два лгуны стаяць на варце
I ўзносяць веліч эпілога
Ў сваёй недатыкальнай праўдзе
За дымным покрывам былога.



Мёртвыя вершы...

Мёртвыя вершы...