Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

СКАРБОНКА

Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)
“СКАРБОНКА” Уладзімір Мірончык Дзеючыя асобы: Казачнік Пан Хруня Пачварскі Марыся Янка Поп Ксёндз Дзерыльман Цыганка Партніха-Яніха Казачнік Некалі, у даўні час, Весялей жылося ў нас, Вось аб гэтым пачынаю Свой чароўны пераказ. Жыў на свеце важны пан, Быў упарты, як баран, Пакажы яму раялю, Дык ён кажа, што баян. Прозвішча яго звінела, За ваколіцай грымела, І не ўлазіла у дзверы Важнае таўстое цела. Свінамордаў, яго звалі, Папракалі, пракліналі І, вядома, што за вочы Ў край далёкі пасылалі. Ён жа, знай сабе, жыве, Ерапеніцца, раве, Палец пальцам не ударыць, Спіць, у карты рэжа, п’е. У яго дачушка Груня І нерахвіна і клуня, Вось за гэтую адметнасць Сталі клікаць яе Хруня. На верандзе стол стаіць, За абрусам пан сядзіць, Вабяць смакам пачастункі, Парай самавар пыхціць. Пан Хруня, свет маіх вачэй! Падыдзі, прысядзь ямчэй! Па што, мілая, схудала І зусім сыйшла з харчэй? Пірагі табе не ў смак, Дранікі ня йдуць у знак, Хутка у тваіх вантробах Будзе форменны бардак! З’еш каўбаску, фройлен кляйнэ, Я хвалююсь незвычайна, Нешта ў роднага дзіцяці Ад мяне бываюць тайны? Мо гняце душу любоў? Дык тады, без лішніх слоў, Пакажы яго і мігам Я спушчу з нахала кроў! Хруня Тата! Вам ізноў ад ранку З печы падаюць кравянку, Для чаго людзей калечыць? Ешце лепей вантрабянку! Я засела на дыету, Можа пахудаю к лету, А каб лыжы не адкінуць Скварку завярну ў газету. Буду спажываць бялок, Можа асвятлёны сок, Ні за што, ні ў якім разе Ні бліны, ні піражок! Пан Ну, няможна піражок, Дык смятанку, тваражок, Масліца і паляндвічку, Шашлычок, баранні бок. Хруня Тату, тату! Вы чаго Раіце не камільфо? Я праз вас ужо не ўлажу У дубляж і паліто! Хоць бы замуж хто узяў, Хоць бы можа хто абняў, Бо апошні сват няшчасны Праз гароды уцякаў. Не разгледзеў праз фігуру Маю тонкую натуру! Я яму і паламала У запале арматуру… Пан Не гаруй, не біся ты, Будуць новыя сваты! А не прыйдуць дабравольна, Дык парву на ласкуты! Трэба хлопец гаспадарскі, Каб закон чціў гасударскі! Хай бы хоць пажаніхаўся Наш знаёмы, пан Пачварскі! Хруня За такога не хачу, Ён б’е храка па лычу, Дык таго глядзі, папаша, І я ў грызла схлапачу! Пан Ты пустога не прароч, Свінамордаўская доч! Я і сам, як што якое, Даць у рыла быў няпроч! Ўсе павінны ведаць месца, Жанішок ды і нявеста, А як будзе капызіцца, Замясі па мордзе цеста! Хруня Ой, як груба, не магу! Падай міску тварагу, Лепш пад’ем, бо з той дыетай Абярнуся ў качаргу. Ой, ням-ням, падай варэння І цукровага пячэння, Сербану паверху квасам І папраўлю настраення! (Уваходзіць Пачварскі) Пачварскі Тук-тук-тук! Іду да вас! Донэр вэттэр, вас іс дас! О, паненачка знішчае Новы гадавы запас! (да гледача) Пан Пан Пачварскі, вэры гут! Як мы рады, што вы тут! Вот бы на яго ўздзябурыць Жаніхоўскі той хамут… (да гледача) Хруня Ой, банжур, святлейшы пан! Які модны ў вас каптан! Не ізволіце ль с папашэй Ляснуць беленькай стакан? Пачварскі Ну дак эта как-нібудзь, Грэх с утра не сербануць! Ісключыцельнае дзела – Ад душы прыняць на грудзь! Хруня Можа ў карты тэт-а-тэт, Можа ёсць які сакрэт? Мо васпане пакаштуе З кабаняцінай амлет? Пачварскі О, вядома, о-ля-ля! Как пальшчон сіводня я, Распрэкрасныя суседзі, Вы жа мне пачці радня! (Частуюцца, гамоняць) Казачнік Ну, Пачварскі, ну і хват, Робіць выгляд, быццам рад! Ат, вядома, будзеш рады, Як рублямі не багат! Вось і гэты кіслы франт Павязаў на шыі бант І гатоў да шлюбу з Хруняй, Каб сарваць валютны грант. Калі што ў яго й было, То даўно ужо сплыло, Распусціў усё ў рулетку, Прэферанс і даміно. Ды і Хруня хараша, Ой жа, цёмная душа! Ёй не трэба той Пачварскі, Хоць і скача антраша. Дзякуй Богу, што на свеце Ёсць нявесты на прыкмеце, Аб якіх лагодна кажуць Нават сонейка і вецер. Ёсць і хлопцы-дзецюкі, Што шануюць скарб такі, Ім багатую нявесту Сабе сватаць не з рукі. Сэрца не ад грошай млее, Не пасагам багацее, Не на скарбы і дукаты Наша у жыцці надзея. (Марыся збірае кветкі за ваколіцай) Марыся За ваколіцу бягу, Кветкі-краскі на лагу, Сонечны дзянёк вясновы Я у сэрцы зберагу. Тут валошкі, там рамонкі, Мятлічак духмяны тонкі Ой, блакітны прыхаваўся Прыгажун-званочак звонкі! Кветкі-красачкі мае, Сёння бачыла у сне, Што ішлі з каханым Янкам Мы па ранішняй расе. Ночка цёмная сплыла, Толькі б шчасце не звяла. Ой, здаецца, гэта Янка Крочыць полем ад сяла. Янка Ты збіраеш васілёчак Колеру блакітных вочак? Мілая мая Марыся, Запляці і мне вяночак! Глянь, галубка, на мяне, Пойдзем разам па вясне, Басанож сцяжынкай роснай Па духмянай мураве. Казачнік Пра каханне вершаў многа, Праз жыццё яго дарога, Хмельна радасць, мёд салодкі – Пачуццё для маладога. Класікі аб тым спявалі, Сэрцы свету адчынялі, Найвялікшае багацце У стагоддзях ухвалялі. А каму яно й не трэба, Лепей грошай, лепей хлеба! Ўсё для іх, вада і сонца, А пасля, вядома, глеба. Як іх толькі не завуць, Хоць і з гонарам слывуць, А усё ж, ніякай мэты, Свет капцяць, а не жывуць. Бачым тую ж абстаноўку, Пан тапочыцца без толку, Хруня мэнчыцца, бо печань Аб’явіла забастоўку. Пан Надта добра пасядзелі, Балявалі і гудзелі, Толькі Хруня пераела, Ды валяецца ў пасцелі. Ясна, будзеш нездарова, Калі есці як карова, Хоць бы крышачку ўстрымалась, Даць не ўзяць, праўдзіва слова! Хруня Ой, ізноў кальнула ў бок, Ой, ударыў нейкі ток, Для чаго мне быў патрэбен Той апошні піражок!? Пан Ўжо за доктарам паслалі, Добра коней паганялі, Перад гэтым, справа ясна, І аўсом пачаставалі. Хруня Ой, не трэба пра авёс, Каб яго пярун занёс! Так пакутую страшэнна… Доктар! Вуха, горла, нос! Чую, чую! Праз вароты Едзе брычка без турботы, Каля ганку прыпыняе І скідае абароты. (паглядае ў вакно) Выйшаў доктар-маладзец, Кажуць, надзвычайны спец, Акрамя таго, заўважна, Не абы які хлапец. Малады і халасты, Востры кончык барады, Стройны, зграбны, зухаваты, Хоць бяры яго ў сваты. Янка (да Пана) Добры дзень! Хутчэй вядзіце, Хворую мне пакажыце І сумленна, як належыць, Пра сімптомы раскажыце. Пан Доктар, тут у нас няспраўнасць, Атрымалася нястраўнасць. Перашкодзіла здароўю Харчу лішняя наяўнасць. Янка Я ўжо чую з панадворку, (адмахваецца) Не курыце тут махорку! Выпадак зусім звычайны, Трэба прапісаць касторку. Кажуць, сам мітрапаліт Перажыў энцэфаліт, І нічога, шапку носіць, Але з той пары сярдзіт. Дайце ручку, пульс памеру, Гляну ў вочка, зрок праверу, Ў цэлым добры арганізім, Толькі значнага памеру. Пан Ну дык, кроў жа з малаком, Капітальна мы жывём! Што ўбяруць са ста гетараў, Мы з’ядаем удваём. Хруня Ой, здаецца, палягчэла, Сэрцайка маё самлела, Так бы вось і не ўздыхала, Ўсё на доктара глядзела. Янка Не хварэйце без прычыны, Не паліце тут лучыны, Па магчымасці ўстрымайцесь Ад грыбоў і ад дзічыны! Булкі – толькі на Вялікдзень, Сала – на калядны тыдзень, А кампот, канешне, можна, Ён для страўніка не злыдзень. Пан Дзякуй, доктар, не забудзем, Ваш наказ выконваць будзем! Вы прынеслі паратунак Надзвычайна добрым людзям. Казачнік Сам сябе ён пахваліў, Дзверы шчыльна зачыніў І заморскую сігару Далікатна закурыў. Калі сам сябе не хваліш, То не вып’еш, не пасмаліш, Бесталкова і растратна Ўсё жыццё сваё праваліш. Сябе трэба шанаваць, Ды па часе ухваляць, Асабістую прыстыжнасць Пустабрэхам падымаць. А тым часам у карчме Быў гудзёж на весяле, Пан Пачварскі пелескаўся У настойках і віне. Пачварскі Гэй, лэхаім! Дзерыльман! Сёння я ад шчасця п’ян. Падавай на стол бургуні, Асушу да дна стакан! Дзерыльман Дзерыльман, канешне, рад, Што пан любіць вінаград, Хоць Пачварскі без капейкі, Але, кажуць, будзе сват? Пачварскі Буду зяцем хутка я, Свінамордаў мне радня! Толькі як, каб з гэтай Хруняй Мне не бачыцца штодня? Дзерыльман Дык вы шо, не па любві? За чырвонцы і рублі? А, ну хай сабе і гэдак, Абы у карчму ішлі. Так вось рубль да рубля Дзень у дзень збіраю я, Там глядзіш і сторублёўку Падбіваю спакваля. А тады ўжо сто на сто, За табаку і віно, П’яны лішняга падсуне, Ідзе ў тысячу яно. Грае песню патэфон, Музыка ляціць з вакон, Памаленьку назбіраю З гэных тысяч міліён! Тут бывае так папруць, Што і поп і ксёндз ідуць, Ім, вядома, прыхаджане Грошы спраўненька нясуць. Уваходзіць поп Мір вам, правослаўны люд! Я гляджу, вы тут як тут? Дзерыльман, подай мне чару, Не сочці за цяжкі труд! Это - божэскій нектар, Прэподобных слаўны дар, Прычашчуся мерой малой І пойдзёт по целе жар. (Уваходзіць ксёндз) Ксёндз Бацюшка, дык тут і вы? Ах, які дзянёк святы, Нам бы з вамі прычасціцца, Ды мінуць людской малвы. А то помню, прошлы раз Памалілісь напаказ, Пазалочаным кадзілам Растаўклі іканастас. Поп Што было, даўно прайшло, За то весело было, Праўда я чуць не убачыў Царства Божага святло! (хрысціцца) Ну, давай, хутчэй сядай, Ды па чарках разлівай, Мы з табою на стакане Зараз злётаем у рай. (Выпіваюць, закусваюць) Ксёндз Бардзо пекно, пан ойцец, Раскажыце наканец, Ці ўзапраўду новы доктар Вядзе кралю пад вянец? Поп Ад чаго ж не повясці, Будзе радасць у жыцці, Самы час, як гаварыцца, Палавіначку знайсці. Ксёндз Кажуць, хараша сабой, Прыгажуня, Божа мой! Гляне, дык усходзіць сонца, Падымаецца настрой. Поп Маладыя хорошы, Но спасеніе душы – Найважнейшая задача! Ахрысцісь і не грашы! Ксёндз Добра пану, мае жонку, І заходзіць у карчомку, А мне ўсё чытай ружанец, Ды паглядвай у старонку!.. (Выпівае чарку) Казачнік Жонку даў Бог і Адаму, Кожны рыцар мае даму, А калі няма паненкі, Рукі цягнуцца к стакану. І ружанец не паможа І пасты з малітвай тожа, Быць мужчыну без каханай Па жыцці зусім нягожа. А каго пацалаваць? А каму зарплату здаць? А хто дзецям над калыскай Будзе песеньку спяваць? Адназначна, трэба жонка, Бо такая завядзёнка! Покі заключаюць шлюбы, Дык жыве наша старонка! (Марыся ў святліцы, уваходзіць Янка) Марыся Дзе ты гэдак доўга быў, Каго хворага лячыў? І сама я зачакалась І абед даўно астыў. Янка У мястэчку, за сялом, Дзе стаіць вялізны дом, Маладзенькая паненка Папярхнулась пірагом. Марыся Мусіць, гэная паненка, Што не ўлазіла ў сукенку, Пасварылася з партніхай І загнала ў вуха стрэмку. Янка Хто іх ведае, паноў, То, відаць, такая кроў – Пасварыцца, памірыцца, А тады пачаць ізноў. Марыся Ай, ды ну іх, небарак! Хутка будуць злей сабак, Падхалімства і нахабства Не прыкрые модны фрак. Янка Гэта праўда, не адзенне Абуджае ў нас сумленне, Срэбрам-золатам не купіш Сэрца чыстага імкненне. Марыся Яначка, каля нядзелі Тата з мамаю хацелі, Каб патрэбнае к вяселлю Мы з табою прыглядзелі. Янка Не хвалюйся, ўсё гатова, Вось галоўная абнова – Персцянёчкі залатыя, Над якімі мовім слова. Мілая мая Марыся, Не хвалюйся, не журыся. Пашкадуй расінкі-слёзкі І да сэрца прытуліся. Марыся Толькі будзь заўжды са мной, Ты цяпер навекі мой! Ах, я хораша жывецца, Які радасны настрой. Казачнік Так лагодна закаханым, Сэрцам шчырым, беззаганным, Цэлы свет абняць гатовы Душы ў шчасці спадзяваным. А пакуль яны ў чаканні, Іх завуць жыцця хістанні, Неспакой, ліхія дзеі, Пачуцця выпрабаванні. Без таго ніяк не быць, Трэба споўна келіх піць, Непрыемнасці й нястачы Мужна разам перажыць. У маёнтку гэтым часам Перабранка йшла сам насам, Тата усчуваў дачушку, Каб не шлялась пустапасам. Вечны спор дзяцей-бацькоў Пра фінансы і любоў, Узбуджаў гіпертанію І распальваў пану кроў. А дачушка не трывала, Масла ў пекла падлівала, Біла чаркі, кружкі, міскі, Цвёрда на сваім стаяла. (Маёнтак. У пакоі Пан і Хруня) Хруня Тата, доктара люблю! Пан Ну, знайшла ты мне радню! Я вучоных галадранцаў З нараджэння не цярплю! Ну, няхай сабе вучоны Вальнадумец нехрышчоны, Дык казалі поп і пісар, Што з дзяўчынай заручоны! Хруня Заручоны? Адаб’ём! На свой лад перакуём! Мы яго наўпроста купім, Заграбастаем рублём! Пан Ты пустога не мялі, Распусціла дзве саплі! Будзем мы на галадранца Траціць бацькавы рублі! Для чаго ён гэткі нам, Найпачэснейшым панам? Тваё шчасце – пан Пачварскі, А не інстытуцкі хлам! Што у твайго Янкі ёсць? Ён у гэтым свеце госць! Не разблытвай мае нервы, Не распальвай маю злосць! Хруня Ну, тады я перайду На ваду і лебяду, Да мадэльнага стандарту Сябе горам давяду! Пан Раз ужо такая жысць, Тое будзе на карысць! А пра доктара пачую, То хавайся, сцеражысь! (Пан выходзіць, ляснуўшы дзвярыма) Хруня Я яго прываражу І нікому не скажу! А тады на вашы твары Па-другому пагляджу! Вунь і табар за сялом Пыл змятае падалом, Дапаможа мне цыганка, Пагадае пад шатром. (Выбягае з пакою) Казачнік І бягом яна, бягом Праз карчы і буралом За ваколіцу, за вёску, Дзе курыцца дым клубом. Песні звонкія пяюцца, Віны хмельныя ліюцца І па прыхаці кліента Каралі шасцёркай б’юцца. А насустрач ёй цыганка, Не румынка-малдаванка, Чорны бровы, кары вочы, Каралеўская асанка. (Цыганка і Хруня пад шатром) Цыганка Ай-нэ-нэ, мая красуня, Дарагая прыгажуня, Мусіць па сардэчнай справе Тут сама паненка Хруня. Зараз, зараз пагадаю, Свае карты раскідаю, Прафесійна і грунтоўна Я у лапці абуваю! (Да гледача) (Раскідвае карты, прыгаворваючы) Калі ставіць на шасцёрку, Стаіць конік на падворку, А цыган панёс дварамі У кішэні з неба зорку. Калі ставіць на туза – Маладому гарбуза, А на караля і даму, То пакоціцца сляза. Пакладу наверх валет, Дык звініць мяшок манет І чым болей залатовак, Тым хутчэй даю атвет. А-ну карты, разыдзіся! Шчасце Хруні пакажыся, Лёс малодзенькай паненкі З лёсам Янкі завяжыся! (Паўза. Развідзіць рукамі) Не выходзіць ні шыша, Падкладзі яшчэ граша, Нешта не ляжыць пад картай Небаракава душа. О, яшчэ, яшчэ давай, Не скупіся, падсыпай! А не хопіць налічману, Ідзі хату прадавай! (Разгубілася) Справа дрэнь! Чырвовай дамы Не мінае твой каханы, Мо падумай лепш, ці трэба Ён табе, вось гэты самы? Хруня А калі яшчэ рублёў, Можа пагадаеш зноў? Калі сотачку надбаўлю, Дык прачнецца ў ім любоў? Цыганка Ну, калі пасыл сяброўскі, То прыму дукат літоўскі, А як што чаго не выйдзе, Дык і я не Кашпіроўскі! (Зноў раскідвае карты) На тузах ізноў гадаю, Шчасце Хруніна шукаю І капейку да капейкі У кішэню падкладаю! Зараз ёй наваражу, Ерунды нагараджу, А ці дзейнічаюць чары Я нікому не скажу. (Зграбае грошы і карты) Ну, усё! Ідзі да хаты! Моцнай завары гарбаты І чакай, што прыпляцецца Новы жанішок у сваты! Будзь шчаслівай, дарагая, Прыгажуня маладая, Ля парога будзе хлопцаў Пяць дывізій, табар, зграя! (Хруня выходзіць) Што вам тут яшчэ сказаць, Трэба ж неяк зарабляць, І не грэх за добры грошы Людзям шчасця пажадаць! Казачнік Калі ўжо такая праца, Трэба неяк завіхацца, Хто разумны, вынік зробіць, Будзе з дурсацю змагацца. Як жа ўсе яны пастылі, Галаву мне затлумілі, Пра галоўнае засведчу, Каб на граблі не ступілі. Шлюбы розныя бываюць, Іх па-ўсяку называюць, Адно ведама дакладна, Што усе туды жадаюць. Сама лепей – па закону: Маладой і маладзёну ЗАГС падорыць белых кветак І пячатку залачону. Прагучыць святочны вальс, Госцейкі прыйдуць да вас, Напрыносяць падарункаў, Яшчэ й грошай празапас. Будуць шчыры пажаданні, Адыйдуць перажыванні, Песні звонкі разліюцца Пад гармоніка ігранні. А узяць “гражданскій брак”, Гэта разам проста так, Удваіх жывуць, сышліся, Хоць свінарка і жабрак. Бесталковае яно, Так, сужыцельства, ды ўсе, Пацягалісь, разышліся, Не, зусім ня то пальто. Па разліку шлюб бывае, Калі сэрца не кахае, А за грошыкі і хаты Смерці любага чакае. У няроўным шлюбе крыва, Пачуваюць сіратліва, Быццам у адным салаце Вінаградзіна і сліва. Ажаніўся стары дзед, Узяў бабу трыццаць лет, А яна яму не варыць Ні кампоту, ні катлет. Ці кабеце семсят пяць, Трэба месца забіваць, А яна з малодым хлопцам Сябе просіць распісаць. Ёсць яшчэ й царкоўны шлюб, Ён і сёння многім люб, Маладыя йдуць да храма, Не у сельсавет, ці клуб. Сто гадоў таму казалі, Там і дакумэнт пісалі, Да жыцця у добрым ладзе Маладзёнаў заклікалі. Янка з любай заручон, А у цэркве свой закон, Маладая праваслаўна, Каталіцкай веры ён. І не хочацца хітрыць, І не хочацца маніць, Хочацца у шлюб законны. Можа неяк папрасіць? Калі не, то як жа быць? Няўжо зноў сябе хрысціць? Ці найлепей без пытанняў Там камусьці заплаціць? Час вячэрняе зары, Маладыя да царквы, Там дзе з гора пахмялялісь Званары-панамары. Вось заходзяць у прытвор, Тут паўсюль стаіць кагор, А на паніхідны столік Хтосьці скварчыну прыпёр. Як вячэрню адслужылі, Так і свечкі патушылі, Але чадныя кадзілы З алтара яшчэ курылі. Поп, абуўшы свае боты, Лез праз царскія вароты, А як маладых угледзеў, Быў гатовы да работы. Поп Здраствуйці, рабы господні! Што вас прывяло сягодні? На акафіст благочэстный В час вечэрній і суботні? Алі шчасціе у вас, Алі мілосцівый Спас Запрасіў к порогу храма Помоліцца сорок раз? Свечкі ў нас по пяць рублей, Паніхіда дорожэй, Проскомідзія, молебен – Каля сотні долорэй. Прычасціць, посповядаць, Освянціць, собороваць? Благочэстно, правослаўно Похрысціць, аль повянчаць? Янка Калі можна, павянчайце, Дакумент аб гэтым дайце, І што трэба, па законе, На паперы пазначайце. Поп Говорыце про паперы? Прочытайце сімвол веры! І тогда усё обсудзім, Прычыніўшы добра дзверы. Янка Я не вельмі праваслаўны, У хрышчэнні інаслаўны, Можа добра вам заплоцім І нашто нам тыя тайны? Выпішыце дакумент, Тут разлічымся ў мамент, Для чаго чытаць выслоўем Старадаўні тэстамэнт? Поп Я на это не пойду, Обрашчайцеся к ксяндзу! Можа б он і подпісаўся На такую ерунду! І вабшчэ! Вы хто такія? Што ль не русскія, чужыя? Как моглі попраць ногамі Все традзіцыі святыя? Нашы дзеды воевалі, Нашу веру зашчышчалі! Для того лі, штоб іх дзеці Благочэсцье попіралі? Янка Зразумела, да сустрэчы! Ах, які цудоўны вечар! Надта ж многа вы ўзвалілі На свае святыя плечы! Казачнік Так іх бацюшка адбрыў, Не глядзі, што многа піў, Як умеў, як быў вучоны, Сваю веру бараніў. Бо яна ж яго карміла, Сагравала і паіла, Прыпадносіла даходы І вянчанне і магіла. Ды скажу вам без сумнення, Што царкоўнае здарэнне Не парушыла ніколькі Нашых маладых імкненне. Вось ідуць яны ў касцёл, Зіхаціць вясновы дол, Паўсюль водары і кветкі, Дрэвы ў вэлюме вакол. У касцёле благадаць, Вітражы, ні даць ні ўзяць, А на самым пастаменце Прасвятая Бога маць. Бегаюць касцёльны служкі, Грошы сыплюцца у кружкі, Разрываюцца арганы І вісяць пад столлю стужкі. Адыграліся арганы, Выйшаў ксёнджа занядбаны, Капуцын, пяць год не мыўся, Быў нябрыты і спужаны. Ксёндз Пане Езу пахвалёны! Што хацелі маладзёны? Мо фігурачку Язэпа, Мо ружанец залачоны? Грошы спрахнуць, душы ж вечна Будуць пажываць бяспечна, Прымем вашую ахвяру І памолімся дарэчна. Янка Душы пекла не баяцца, Нам бы, ксёнджа, павянчацца, А калі зусім праўдзіва, То найлепей распісацца. Дакументы напішыце, Пана Бога ухваліце, І пачэсную ахвяру У кішэню пакладзіце. Ксёндз Цо за встрэнтны маладыя! Не хрышчоныя, дурныя? Естэм вшыстку мувіць праўду, Вы да польскего чужыя? Вы не естэм хрысціяне, Не мае парафіяне! А паколькі не палякі, То, відаць, і не славяне! Цо вам запрапановаць? Паспаліта ваша маць Не хацела без касцёлу Такіх дзетак гадаваць! Ктурысь чорт вас падаслаў? Хто паскудству навучаў? Мувіць праўду, вшыстко бэндзе, Як святы Язэп казаў! Янка Ясна, ксёнджа! Справа гладка, Як свянцоная аплатка! А па мне хоць з бульбы дранік. Хоць на малаку аладка! Казачнік Праляцеў кадзільны дым, Стала смешна маладым Ад таго, што кожны ставіць Сябе праведным, святым. Любяць ойцы выпіваць, Святым духам гандляваць, Ды усё ж пры ўсім пры гэтым Шчэ кагосьці павучаць. Ну, адхрысцімся ад веры, Выйдзем за царкоўны дзверы І прасочым як Пачварскі Набіваўся ў кавалеры. Раннім ранкам, толькі свет Ён сядлаў веласіпед І да Яніхі-партніхі Меркі мераць пан-атлет. Пуза цэбарам вісіць, Ззаду тарантас тырчыць, Грудзі ўпалі, рукі-крукі, Лысіна агнём гарыць. Ногі – лапы ад гуся, Нос – пятак ад парася, Вушы – як у тога звера, Што падобны на лася. Да падворку падлятае, Спрытна дзверы адчыняе, Ды хвалебна ахмістрыня Госця ў час не сустракае. Дзе швяя, куды прапала, Тут і ніткі разматала, А у печы на вугаллі Полымя яшчэ скакала. Ён у шафу зазірне, Белы коўдры расхіне, Хіба па двары гуляе, Ці працуе на гумне? Пачварскі Яніху я тут не бачу… Гэй, партніха! Дам задачу! Лапсердак пашый вясельны, Дык чырвонцамі аддзячу! Дзе падзелася Яніха І чаго у хаце ціха? Ці не здарылась якое Нечакана з ёю ліха? Ну, прысяду, пачакаю, Гаспадыню напаткаю, Я ж на гэтую абнову Грошы цэлы год збіраю. (Сядае на канапу) Ай! Іголка у канапцы! Як балюча маёй… братцы! Абхвалюешся ад страху, Будзеш за кумпяк баяцца! (Уваходзіць Яніха) Яніха Што зрабілася такое? Пачварскі Недарэчнае, дурное – У кумпяк загнаў іголку! Яніха Зараз выцягнем, святое! Пачварскі Гэта как жа панімаць, Мне парткі цяпер здымаць? Яніха Ну, вядома. Распранайцесь, Бо іначай не дастаць! Пачварскі Гэткі сорам перажыць, Чэсць і годнасць размяніць На праклятую іголку, Растуды тваю яціць! Толькі чур не падглядаць На бялізну строй і стаць! Яніха Супакойціся, Пачварскі! Як віселі, хай вісяць! Панталоны, гэтка дзіва! Я сама іх сотню сшыла, А на нешта заглядацца – Не мая прэрагатыва! Пачварскі Ну тагда спакоен я, Аперыруйця меня! Бо з такой пазорнай ранай Я не пражыву і дня! Яніха І такія ў нас жывуць, Адпаведна іх завуць, Ну, не тузацца, спакойна! Падрыхтуйся! Раз-два – круць! Пачварскі Ай! Яніха Усё, усё, дастала! Лёгка выйшла, быццам з сала! Пачварскі Ой, стучыцца хто-та ў дзверы! Дайце, дайце пакрывала! (Уваходзіць Янка) Янка Добры дзень шаноўным людзям! Яніха Уваходзьце, рады будзем! Пачварскі Мы такіх гасціпрыімстваў Па гроб жызні не забудзем! Янка Пан пачварскі? Яніха Так, ён самы! Янка Антураж неспадзяваны! Пачварскі Ізвіняюсь, у кальсонах, Ібо крываточаць раны! Ў разгаворах мала толку! Сеў я жо…рстка на іголку! Спадзяюся, слаўны доктар Прамаўчыць уціхамолку! Янка Не, нікому не скажу, Гіпакрату паслужу, Толькі, дайце, сваім вокам На іголку пагляджу. Хто яе, заразу, знае? Мо шалёная якая, Калі знатнага васпана Без прычын за клуб кусае? Пачварскі Ах, наверна я взбяшон! Яе кончык заражон! Доктар, срочна перавязку, Я бацыламі сражон! Казачнік Доўга ён яшчэ валяўся, Пакрывалам захінаўся, А пад вечар у карчомцы Як свіння гразі набраўся. У дваранстве мешчанін Быў Пачварскі не адзін, А таму народ і кажа – Выбіваюць клінам клін. Сярод роўных ён - раўня, Сярод кроўных ён - радня, І бязлітасную чарку Перакульвае штодня. Што да чаркі, ўсяк бывае, Кожны зрэдку выпівае, А тады яшчэ пражэцца, Хоць ніхто не прымушае. Вось патрапіш на бяседу, Там ліе сусед суседу, І вясёлая гамонка Цягне з вечара к абеду. Калі б не хмяльныя справы, То хадзілі б і на стравы, Беларускія гатункі Маюць смачныя праявы. Тут кравяначку нясуць, Зверху дранічкі кладуць, Ставяць петуха з блінамі, Часначком яго натруць. На талерцы парсючок Задзірае пятачок, А пад ім духмяна бабка, Кветачкамі бурачок. На цыбулі селядзец, А да бульбы халадзец, Тут вяндліна, там каўбаска На стале з канца ў канец. Скваркі з яйкамі сквірчаць, Клёцкі з поліўкі тырчаць, На дубовенькіх лісточках Плоткі, карасі ляжаць. Ягады, квасок, грыбы, Мёд, варэнне і бліны, Белы сыр, а у смятане З цукрам здобныя хрушчы… Ну, таму да нас і едуць, Бо жадаюць паабедаць, То ардзе, то крыжаносцам Мы давалі тут паснедаць. Так, бывала, пад’ядуць, Што тады ужо ня йдуць, Калі трэба ім чагосці, Дык паслоў здалёку шлюць. Ну, гісторыя сплыла, Больш не вернецца яна, А пачварскія і хруні Цягнуць сёння нас да дна. Тут паклёп, а там падман, Ананімка, хітры план, Слова брыдкае, насмешка… Дакажы, што не балван! Ім бы як каго стравіць, Абсмяяць, змануць, здурніць, Са старога, маладога, Толькі дай крыві папіць. Каб іх воля, то б даўно Тут нармальных не было, Спрэс паганым эгаізмам Увесь люд завалакло. Ды народ за ўсім сачыць, Іх рашылі правучыць, Праз люстэрка прама ў вочы Святло праўды запусціць. А каб лепей ім дайшло, Парашыла ўсё сяло Тым жа метедам змагацца, Якім самі сеяць зло… Адбываліся ў сяленні Надзвычайныя здарэнні, Навальніцы грамыхалі, Аж трашчалі сутарэнні. За сялом ляжыць кавыль, На царкве зламала шпіль, А далей страшней страшнога – Пачалася пошасць-быль. Пад вялікім чэзлым дубам, Што стаяў на ўзмежку рубам, Калыхалася брызгліна Свежым кучаравым чубам. А ужо пад ёй самой, Што знайшлося, Божа мой! Дыямэнтава скарбонка У аправе залатой. Пастушок яе знайшоў, Калі з выгану ішоў, Ад такога хвалявання Пагубляў злучэнні слоў. У людзей перапалох, Як зрабіў магутны Бог, Што скарбоначка звалілась З неба на вясковы лог? Тут давай яе куляць, Спрабавалі адчыняць, Ды ніяк не паддаецца, Каваля рашылі зваць. Свінамордаў войта шле, Пан Пачварскі морды б’е, Поп скавыча алілуйю, Ксёндз асанну не пяе. Парашылі дружна ў згодзе Адчыняць пры ўсім народзе, А каб люд не выскаляўся Свінамордаў крыкнуў:”Годзе!” Кавалі замок ламаюць, Сваю долю праклінаюць, Тапарышчы і зубілы Аб железіну збіваюць. Поп на клямку пакадзіў, Ксёндз вадзічкай пакрапіў, Ды, відаць, скарбонку шчыльна Слаўны майстар зачыніў. Далікатна свідравалі, Зверху камні паздымалі, Свінамордаў і Пачварскі У кішэні іх піхалі. Як скарбонка адчынілась, Уся чэлядзь расступілась І ў сярэдзіну-хаванку Зацікаўлена дзівілась. Там ляжала срэбра-злата, Персцянёў, караль багата, Кожны прадаваў разяву, Падбіваўшы кума-свата. Сярод скарба ліст ляжаў, Яго хтосьці напісаў, Вельмі чынна, акуратна, А паверх пячаць наклаў. Вырашылі прачытаць, Пры людзях дэкляраваць, І самім бы разабрацца Што тут далей учыняць. Голас у папа мацнейшы, Найграмчэйшы, найдужэйшы, А таму, няхай чытае, Каб паслухаў люд тутэйшы. Поп (чытае) “Гэты скарб таму даецца, Хто святым у Вас завецца, Хто ўсім сэрцам любіць Бога І з грахамі не знаецца. Шчыра любіць памаліцца, Дбайна па жыцці пасціцца, І у дабрачынных справах Аніколі не ляніцца. Дата. Подпіс “Свенты Юрый – Кіраўнік нябёсных курый.” Братцы! Гэта ж мне скарбонка! Зразумее нават дурый! Я ж і ночкаю малюся І пастом заўжды пашчуся, І у справах мілосэрдных Потрудзіцца не лянюся! Пачварскі Па тваёй малітве, поп, Можа здохнуць толькі клоп! Паглядзі на сваю пысу І паганы слізкі лоб! Гэта мне даслаў святы! Я разумны, не дурны! Заслужыў за сваю рану І парваныя штаны! Ксёндз Ах вы, схізма! Гэта мне Падарункі Юрый шле, Бо ніколі не бывалі Мае рукі у цяпле! Пражываю без кахання І малюсь штодзень ад рання, За жыццё сваё ня зведаў Спраў сардэчных трапыхання! Дзерыльман Ой, панове! Што вы, што вы? Ці сягоння нездаровы? Ці знячэўку аблажылі Цэбар піва столітровы? Святасць ваша нам вядома, У карчме непакрыёма Весяліцеся ад сэрца, Пачуваецесь, як дома! Ксёндз Цо ты, курва, гэдак мувіш? Хіба сам не п’еш, не курыш? Ведаем, як за прылаўкам Мужыка і пана дурыш! Дзерыльман Так, я хітры ад парога, Сабіраю грошай многа, Толькі вось пры гэтай справе Не чапаю пана Бога. Поп Я калі і сербану, Ахінею не вяду, Пропаведзі не піхаю, Не змушчаю грамаду. Пан Гэй, халопы! Што за гразь? Ці не я тут слаўны князь? Аказалася, вы ўсе тут Скрозь падонкі, падлы, мразь! Мне скарбонку забіраць, Яе скарбы спажываць! А для вас у самым пекле Стол накрыла чорта маць! Хруня Правільна! Туды казлоў! Гэткіх чэсных жаніхоў! Для такіх у сетках чорта Загатоўлены улоў! Пачварскі Ах ты, жырная свіння! Пераела штрудзеля? Сорак восем пудоў хлеба Перамалваеш штодня! Хруня Ты ж учора жаніхаўся, У каханні вечным кляўся! Пачварскі Не разгледзеў вашу сутнасць, Ізвініця, памыляўся! Хруня Галавой ты налажы! Пачварскі Свае кішкі сцеражы! Хруня Захлыніся самагонкай! Пачварскі Хру! Аюсь! У хлеў бяжы! Хруня Каб табе ў вушах звінела! Пачварскі Каб ты ў бані абамлела! Хруня Каб гуляў ты на вяроўцы! Пачварскі Ды бадай ты адубела! Хруня Каб баяўся ты кашулі! Пачварскі Каб табе круцілі дулі! Хруня Каб табе ў бакох рабіла! Пачварскі Каб не чула ты зязюлі! Хруня Сцебаніся галавой! Пачварскі Папярхніся качаргой! Хруня Каб табе пабрала рэбры! Пачварскі Абжарыся лебядой! Хруня Каб ты голы на страху, Пачварскі Каб ты з бульбай у мяху! Хруня Каб цябе пярун калядны, Ды рассыпаўся ў труху! Хруня Каб ты на бярозу лез! Пачварскі Каб табе язык аблез! Хруня Каб цябе тапталі качкі! Пачварскі Каб цябе рагаты бес! Хруня Каб табе з падоння скула! Пачварскі Каб цябе віхура здула! Хруня А з табой у дзеь базарны Адбылось расстройства стула! Хруня Каб табе ў спіну сякера! Пачварскі Каб табе у рот папера! Хруня Каб табе налог паднялі! Пачварскі Каб цябе нясла халера! Хруня Небарака! Мокры квач! Прайдзісвет, свістун, сякач! Пачварскі Ялаўка, старая дзева! Хруня Недарэка і таўкач! Цыганка Ай-нэ-нэ! Вышэйшы свет! Лепш не бачыць гэткіх бед! Яніха Пан Пачварскі, вы забылі У мяне веласіпед! Хруня Ах ты, кныр! Яшчэ й па бабах Скочыш спрытна па ухабах? Пачварскі Я даўно не меў патрэбы У тваіх свінных парадах! Яніха Я яму пінжак пашыла! Пачварскі У кумпяк улезла шыла! Поп Хай бы па табе грымела Правослаўное кадзіла! Пан Ах, нягоднікі! Нахалы! Ксёндз Ёлупні і папіхалы! Поп Негадзяі і прохвосты! Пачварскі Аферысты і кідалы! Пан Ты - казёл! Пачварскі А ты – свіння! Ксёндз Тут прыстойны толькі я! Поп За прыстойнасці такія Б’ём у пысу! Ксёндз Ах ты, тля! Цыганка Ай-нэ-нэ! Саслоўе ваша Без баяна танчыць-пляша! Вось цо да, каб у мястэчку Гэдак заварылась каша! Яніха Трэба хутка паспяшыць Ім наморднікі пашыць, Не дай Бог яно заразна, Дык бяды не перажыць! (Уваходзяць янка і Марыся) Янка Ох, як весела, як звонка! Да спадобы вам скарбонка? Марыся Бачу я, што любяць гумар, Адчуваюць яго тонка. Поп Сколько жылі на Русі, Не бывало с небесі Болей гэткіх падарункаў, Як ты Бога не просі. Янка Не ад Бога падарункі, Ўсе фальшывыя карункі, Ну а вас, мае панове, Хоць запры у пастарункі. Марыся Але што хацець ад вас, Выбачацца самы час! Ксёндз Сёння я за вшыстко жыцце Мувіў праўду першы раз. Поп Срам какой! Дзерыльман Ой, шо рабіць? Хруня Як далей на свеце жыць? Поп Нужно как-то калекціўно Прэгрэшэнія обмыць… Пан Жэстачайшую разборку Учынілі на падворку, Кабы ставілі ў тэатрах, Рассмяшылі б і галёрку! (Цішыня. Разыходзяцца. Застаюцца Янка, Марыся Казачнік) Янка Так. Бываюць і такія, Марыся Не заўсёды мы святыя. Янка Памыляемся штодзённа Марыся Покі на зямлі жывыя. Казачнік Не судзіце строга іх, Што жыццё? Кароткі міг. Людзі розныя бываюць, Не адказваем за іх. Янка Ну, прабачце, мы схітрылі, Срэбра-злата пасулілі, Ды бяз гэтай жа скарбонкі Век ім вочы не адкрылі! Марыся Не за тым, каб асудзіць, Трэба хворага лячыць! Не дай Бог душы хваробу Недаглядам запусціць! Казачнік Не ляці за дзікім векам, Заставайся чалавекам! Усміхніся, будзь дабрэйшым, Не паддайся часу здзекам! Янка Востры меч – людское слова, І праз сэрца йсці гатова, Будзь жа мудрым і рахманым, Не чыні нікому злога. Марыся Кажуць казкі – той, хто злы – Адназначна і дурны! А хто добры, міласэрдны – Той разумны і святы. Казачнік Час прыйшоў усіх прабачыць, Душы к свету перайначыць, І, вядома, як вядзецца, Свята гэтае адзначыць! За народы не бярусь, Ад работы надарвусь, Але хай жыве шчасліва Наша Маці – Беларусь! Max 90 Winter Sneakerboot