Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уладзімір Мірончык

***

Сярэдняя: 2.8 (6 галасоў)

Вецер ціха калыша бярозкі,
Срэбны промень спусціўся на дах,
Чутны шумнага дня адгалоскі
І пяе нешта сумнае птах...



Сярэдняя: 4.7 (14 галасоў)

БЕЛАРУСАМ

Паглядзіце, што кожны асобна!
І свайго не сустрэнеш нідзе,
Каб пагутарыць шчыра, лагодна.
Беларус, адгукніся! Ты дзе?

Калі ласка, сустрэнь на дарозе!
Глянь у вочы, далонь мне падай!
Як віталі дзяды на парозе,
Хлебам-соллю мяне сустракай!

Маё сэрца сагрэй родным словам,
Гучна, смела скажы: “Добры дзень!”
Запяе старадаўняя мова,
Зашуміць бы крынічны струмень.

Будзе дзень той святочным, вядома,
За крывіцкім сталом шэраг страў.
І адчую тады, што я дома,
Што нарэшце, сваіх адшукаў.

Абразы ў ручніках саматканых,
Вышываных Хрыстовай крывёй,
Супакояць спрадвечныя раны,
Што забралі душы супакой.

Будзе радасць у позірках светлых,
Разуменне і еднасць ва ўсім,
Подых шчасця у думках прыветных,
Пагаворым крыху, памаўчым…

Прыгадаем усіх, што не з намі,
Тых, хто долю для нас будаваў,
Ў светлы рай адыйшоў за вякамі
І шчаслівымі быць загадаў.

Заспяваем шырокую песню,
Вокам ясным акінем прастор.
Барвы ўвосень, а бель напрадвесні,
Так зямля свой змяняе убор…

Людзі, мілыя! Хоць на хвілінку
Забярыце мяне ў Беларусь!
Падаруйце Радзімы часцінку,
Я аддам сваё сэрца, клянусь!

Вы пабудзьце са мной, дарагія,
І разважце мой горычны сум,
Хай схаваюць легенды сівыя
Цёмны гмах недаверлівых дум.

Вы пабудзьце са мной, а я з вамі,
Побач будзе нам значна лягчэй.
Доля светлая – жыць з землякамі,
Мець падтрымку надзейных плячэй.

Беларусы! Трымаемся разам!
Маем згоду і мову сваю!
Гэта будзе магутным адказам,
Што ўратуе Купалы зямлю!



Сярэдняя: 3.9 (10 галасоў)

Мала пражыў Караткевіч,
Сціпла сыйшоў Барадулін,
Не развітаўся Гілевіч -
Волаты нашы паснулі…

Спіце ж, і ведайце! Будзе
Светлае нам адраджэнне,
І аджыве ў простым людзе
Матчынай мовы натхненне!

Век наш пракляты, мы самі
Не разглядаем дарогі,
Ды шчыра верым, што з вамі
Скруцім заклятасці рогі!

Будзем па-свойму маліцца,
Дзецям чытаць вашы вершы,
Словам сваім ганарыцца,
Ведаць, што кожны з вас першы!

Нас блаславіць Еўфрасіння,
Богша устане з магілы!
Будзем як вы, дарагія,
Край абаронім свой мілы!

Толькі у сэрцах жывіце,
Нас з вышыні пашкадуйце!
І на шляхах перайміце,
Слабасці нашы даруйце!

Вашы радкі пацалуем,
К сэрцу прыгорнем далоняй,
Сілы свае загартуем,
Рушым за вечнай Пагоняй!



Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Наша спрадвечнае свята,
Сумнае свята – Дзяды.
Чыста прыбраная хата,
Ціха глядзяць абразы.

Белы абрус вышываны,
Свечка гарыць на стале,
Стравы як след згатаваны,
Ды на вячэры не ўсе.

Дзе вы, любімыя душы?
Молімся ціха за вас,
Ваш супакой не парушым,
Вы завітайце да нас!

Двор свой пазнайце ціхмяны,
Гляньце на хатку сваю,
Храм наш стары, дзераўляны,
Што бласлаўляе зямлю.

Дзякуем вам, дарагія,
Што гаравалі за нас,
Ды у гадзіны ліхія
Мелі праўдзівы адказ.

Ведалі праўду святую,
Бедна, ды годна жылі.
Дай Бог, і мы ахвяруем
Сэрцы для роднай зямлі…