Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Спазненне

Яшчэ не ацэнена

Бясснежны снежань – у душы раскол.
Прырода адракаецца ад веры.
Галее лес, дасюль няўтульна-шэры,
Як паруснік, што трапіў на прыкол.

Жыцця адзіны пробліск – угары,
Між вецця, рэштак паруснага спрэнту –
Ліхтарыкамі яркага пігменту
Разгублена ірдзеюць снегіры.

Маячаць мачтаў голыя калы.
Не чутна птушак акампанементу.
Бы каланада без антаблементу,
Самотна стынуць сумныя ствалы.

Спіць лес і сніць віхуры тых часоў,
Калі растраціў веснавую рэнту,
Разліставеіў спадчыну дашчэнту,
Падобную да слуцкіх паясоў…

Ну паспрабуй у шэрасці ствары –
Я не кажу пра верш – радок не шэры.
Чысцюткі на стале лісток паперы,
І стома кліча ў сонныя віры…

На золку я прачнуўся, а наўкол!..
Як дзіўна: ноч святло мне падарыла,
Усё снягамі белымі пакрыла.
Цямнее толькі мой пісьмовы стол.

І я ў сусвет цнатліва-трапяткі
Таропка расчыняю Музе дзверы,
Але запозна – птушкі, людзі, зверы
На цаліку, нібыта на паперы,
Пакінулі дакладныя радкі…

2001