Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

У дарозе, пад кайфам

Сярэдняя: 1 (2 галасоў)

                 “і am a passenger”
                        іggy Pop

Краявіды ратуюць ад скрухі й нуды,
выпадковым маршрутам імчыш не туды,
але ў цалкам адвольным напрамку.
Бо жыцьцё і прырода – праявы гульні,
пару тыдняў шалёных у лёсу сьцягні
і свавольнічай бесперастанку.

Сьвінафермы, ангары – някідкі той фон,
што знутры вырывае прыглушаны стогн
натуральны ў тутэйшых шыротах.
Кожны ночны ліхтар – нібы казачны эльф.
Непаўторны палескі жаночы рэльеф
пазбаўляе спакою і цноты.

Гэты край выклікае іронію й жах.
Як выходзіш і чуеш у тамбуры пах
адпаведных інтымных сэкрыцый
сэрца поўніцца злосьцю. Часовы сусед
запрашае на доўгі й дурны тэт-а-тэт.
І ў кішэні – апошні сэстэрцый.

Ноч, вакзалы, лясы – букалічны ляншафт.
Краявіды тутэйшыя – цудны варштат
каб пазбавіцца шкодных ілюзій:
у вакне сузіраеш сумбур і калаж,
то быў пляж, а праз хвілю калгасны міраж,
дзе – калгасьнік накладзены ў зюзю.

Сьвет падобны на казачную карусэль.
І падсеўшы на гэты шалёны кактэйль
зь небясьпечных інгрэдыентаў,
будзеш вечным наркотам. Вандроўным катом.
Непатрэбнымі стануць здароўе і дом –
гэты вечны гарнір хэпі-эндаў.

Сны-кавалкі. Прадмесьцяў брутальны бязлад,
дзе пануюць убоства і матрыярхат,
а дзяцей вырабляюць па п’янцы.
Як казаў улюбёны Букоўскі: “Любы
ідыёт мае права на шчасьце, абы
той ня быў мудаком і засранцам”.

Сьпяць фальклёрныя цёткі з пружанскіх мясьцін;
праз адсек выюць песеньку бацька і сын,
і жыцьцё, бы задымлены тамбур
увабраўшы гісторыйкі нечых няпрух,
па маршруце старым паўтарае свой рух
і фартуне ўцісквае хабар.

Аніколі ня скажаш дакладна: за што
любіш дух кантрабанды і моцны настой
з дыялектавых лекавых траваў.
Кожны рынак мясцовы – малы бабілён:
там штурхаюць, паклаўшы на страх і закон,
мірыяды кустарных тавараў.

У правінцыі зьнік рамантычны налёт.
Праз галечу, закінутасьць, страх, недарод,
штовячэрнія махачы-тосты
традыцыйна кладуць на штомесячны плян.
Тут у кожным раёне свой родавы клан –
местачковая коза ностра.

Тут самота – паўсюдны галімы рэфрэн:
ён гучыць у размовах, ліецца са сцэн
непаўторным айчынным дэфэктам.
І ня важна адкуль гэты культавы плач –
ім заражаны кожны тутэйшы смаркач,
кожны акр тутэйшага гета.

Салаўіны джэм-сэйшн лунае ўгары.
Адзінокі цягнік паўз раўніны й бары
перавозіць таемныя грузы.
У статычным экране азёраў – блакіт.
І настолькі піздата, што – кленчыш крэдыт
у сваёй незгаворлівай музы.

Але ўвечары, гледзячы на зарапад,
правінцыйны аматар прыгожых баляд,
цыгарэтку запаліш нясьпешна
і адчуеш як скоўвае холад башку,
як лягчэе ад казачнага парашку...
і становіцца тупа і сьмешна.