Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сяргей Прылуцкі

Сярэдняя: 2.9 (11 галасоў)

палячы ўвечары на балконе
зь відам на задні двор прадуктовае крамы
ня думаеш ні пра што
проста назіраеш як каты
нібы злыя духі
б’юцца ля сьметніцы
за кавалак лівернай кілбасы
а рабочы электралямпавага заводу
выпіўшы за шапікам фаўст пладовага
нясе дахаты мех цыбулі
каб парадаваць жонку
каб жонка ня біла
каб жонка хаця б любіла
калі ўжо каханьне
20 гадоў як паслала іх абох падалей

а на лаўцы за домам
пад гітарны бой
дзяўчаты робяць мінет
а пацаны згадваюць Лёху з раёну
і помста сьпее пад іхнімі
чорнымі курткамі

дапаліўшы цыгарэту ідзеш на кухню
п’еш малако
і чуеш як сусед зьверху
твой школьны ваенрук
б’е жонку галавой аб кафель

і што б ні казалі
апосталы бацькі альбо твой участковы
забудзь усе запаведзі
і пастарайся палюбіць
гэты кашмар



Яшчэ не ацэнена

сканчаецца лета й канікулы ў аэраклюбах
рамантыкі робяць скачкі з парашутам ды глупствы
ў любоўных акопах курсанты на радасьцях трубы
бухлом заліваюць яшчэ ў біяграфіях пуста

жыцьцё йдзе па колу і не замінае нікому
*уеюць габрэі шалее паліцыя ў сёлах
усё яшчэ ціха пакуль што усё па-старому
і jajki на месцы і mleko на месцы і сала

дзяржаве вядома адкуль вы нашто вы і хто вы
так будзе вайна і ня трэба крычэць з пераляку
а лепей вучыце старыя сакральныя словы
ура не здамося ў атаку і – йдзіце ў *раку

базары цырульні піўніцы ўсюды шпіёны
рыхтуюць дыверсіі п’юць у крутых рэстаранах
наўкол гэтак весела лёгка надрыўна й шалёна
паўсюдна ўсьмешкі на тварах а ў душу насрана

яшчэ не памерла Украіна Polska – таксама
блядуюць паненкі паны камісары сяляне
працуюць стабільна ашчадныя касы і крамы
ачком прадчуваеш бяду а яно не падмане



Сярэдняя: 5 (1 голас)

чаго табе заўсёды хацелася – каб ніколі не нагіналі ракам
каб жыцьцё заставалася непрадказальным як цыклон
і чыстым як ходнікі ў vіp-гатэлях
але цябе маюць цябе пастаянна маюць
працадаўцы чыноўнікі – заўсёды
сябры і каханыя – час ад часу
і ня важна што выходзіць у выніку –
адсутнасьць грошай і сувязяў у першым выпадку
або галімы прыход ад галімага амфетаміну ў другім
бо ўсё адно ты той каго выкрэсьлілі са сьпісу запрошаных
каго паклалі на апэрацыйны стол
і пакінулі без наркозу

уся сістэма нагадвае вайсковыя вышкалы
дзе тваё жыцьцё гэта халяўны паёк
які ўсе намагаюцца сьпізьдзіць

бо гэта асноўная практыка выхаваньня
бо ты вымушаны нечага шукаць
напрыклад каханьня так каханьня
а каханьне як вядома нібы сабака –
аднойчы ўцякае трапляе пад машыну
або захворвае на шаленства і яго забіваюць
папросту выводзяць у лес і пускаюць кулю ў сэрца

ты вымушаны нешта мець
напрыклад працу так безумоўна працу
ты ламаеш ногі псуеш вочы і слых
рвеш адносіны з душой мяняючы яе на спэцоўку
і стабільныя пэнсійныя адлічэньні
а ў гэты час прэзідэнт бос
прафсаюзныя сукі і сусед адначасна
трахаюць цябе трахаюць
а калі не цябе дык тваю дзяўчыну дакладна

будучыня гэта прыдумка дзярж. інстытутаў і карпарацыяў
ня думай пра будучыню –
гэта бясплатны дадатак да гнілой галавы
цябе проста трымаюць за лоха а калі трэба і за яйцы
таму ідзі на барыкады
будзь заўсёды з тымі хто не клапоціцца пра мараль
хто ніколі не складае праграмы наперад
бо любая зададзенасьць – пройгрыш
будзь з з тымі каго ў бардэль вядзе адзінота а не пажада
а ў магілу – трагічны выпадак
які далёка далёка не выпадак але наступства таго
што цябе нагінаюць ракам
пастаянна нагінаюць і
трахаюць
трахаюць
трахаюць

навошта патрэбны мёд цярпеньня
калі ёсьць пякучая мята злосьці?
навошта сьвятыя з іх стыгматамі
калі бог што жыве з табой у адным інтэрнаце
рыхтуе ўсім няверным татальны страйк?



Сярэдняя: 3.3 (4 галасоў)

сура 1

Ён ня быў ні за кога – ні шэйхі яго, ні эміры
не цікавілі: што яму зь іхніх сумніўных багацьцяў?!
Клаў на моду, законы, вайсковыя зборы й турніры,
бо прарокі ніколі ня верылі прапагандзе.

сура 2

Ён быў знаным паўсюль мэляманам: зьбіраў фанатэку,
рарытэтныя нотныя сшыткі мяняў на футры.
Сузіраючы жорскасьць свайго ваяўнічага веку,
пад уміраны сьпеў муэдзіна запісваў суры.

сура 3

«Хто ўжывае віно, толькі той і патрапіць да гурый», –
пад аліваю лежачы, славіў жыцьця асалоды.
«І ніякая лажа, ніякія сваркі і бздуры
не аспрэчаць красы й смакаты богатворнай прыроды».

сура 4

Па вялікім рахунку ўсе бабы хоць крышачку дуры, –
але ўночы – бясспрэчна! – багіні (з Аллагавай згоды).
Што ж, і Творца, ствараючы сьвет, не пазьбегнуў халтуры;
дзеля жарту наслаў нам на дупы такія прыгоды.

сура 5

Вандраваў па краёх апантаным вясёлым турыстам.
Ведаў месцы аазісаў, мовы, грашовыя курсы.
Больш за ўсё ненавідзеў паўсюдных салдат-каляністаў.
Меў вялікую слабасьць да кніг і фруктовых мусаў.

сура 6

Быў бы там інтэрнэт – сябраваў бы з паловаю сьвету,
ад імя Усявышняга тэксты вывешваў на сайце.
Ён ня меў ані прынцыпаў, ані жыцьцёвае мэты.
Ні ў адным не пазначаны сьпісе, ні ў якім штаце.

сура 7

Ён сьмяяўся з няшчасных што прагнулі Армагедону,
харызматаў з даўгім языком уважаў за хлусаў;
не любіў пурытан за дэбільныя іх загоны:
што ў сапраўднага верніка мінусаў менш чым плюсаў.

сура 8

Не, адзінае праўды няма – ёсьць уява ды вера.
І нішто больш ня здольнае даць чалавеку свабоду.
Усе астатнія рэчы – банальныя глупства й хімэра.
Ну і збольшага людзі – калгасьнікі ўсё ды ўроды.

сура 9

Непасрэднасьць дзіцячую славіў на кожным базары,
але што гандлярам неразборлівы трэнас паяца.
Ён аднойчы патрапіў на некалькі содняў на нары,
бо народ баламуціў натхнёнай прамовай на пляцы.

сура 10

Ён валіў супраць плыні, набожны герой андэграўнду,
адкрываючы вочы на гнюснасьць наяўнай сыстэмы.
Быў спакойны да здрады сяброў і чужое пагарды,
бо Аллаг быў ягоным надзейным ахоўным татэмам.

сура 11

Ён ня меў ані лецішча, ані кватэры – нічога,
неўтаймоўны аматар шматлюдных сумніўных кампаній.
Гэты чортавы цынік ніяк не цягнуў на прарока,
Клаў на ўсё і на ўсіх. І – бухаў дзень пры дні ў Рамадане!

сура 12

У жаданьні рабіць абы-што ёсьць прывабнае нешта:
слухаць сьпевы фантанаў, бяздумна валяцца ў ложку.
Ён мінаў боль і скруху, хаця й быў звычайнай пешкай.
Проста жыў дзеля кайфу й не парыўся ані трошкі.

сура 13

«Ну чаму менавіта яму даў Аллаг блаславеньне
несьці радасьць і лёгкасьць па вёсках, аулах, мястэчках!?»
Барадаты нягеглы мужык, ён штоночы нязьменна
узіраўся ў нябёсы, дзе – Бог, НЛА… І пустэча.

сура 14

Ён памёр у бардэлі з шыкоўнай красуняй пад бокам.
У кішэні знайшлі падрабязны інтымны дзёньнік.
Для ягоных сыноў гэта ўсё было проста шокам.
Хер ты знойдзеш такое сярод кананічных кронік.