Васількі - ля пшаніцы,
Васількі - ля ячменю.
Іх насенне раскідаў
Хтосьці зверху са жмені.
Яны колер свой сіні
Пазбіралі з Сусвету,
З рэк, азёрнае плыні,
Сметанковага лета.
Іх жытнёвае поле
На арэлях гайдала.
Сонца летнім прыволлем
З вышыні іх вітала.
Васількі называюць
Беларусы валошкай.
З іх вяночкі пускаюць
Плыць купалаўскай ночкай.
Яны з лёсам зрасліся
Майго роднага краю.
Васілёчак Марысі
Прызнаваўся:«Кахаю!»
Васількі-васілёчкі! -
На палетках за гаем…
Неба сіняга вочкі
Нас навекі яднаюць.