Ветрана, ветрана...
Ветрана з самага рання.
Вецер яшчэ на дасвецці
крануў ціха струны свае,
эолаву арфу сваю...
Пяе сам і сам іграе,
струну за струной кранае,
іграе і сам пяе.
Ветрана, ветрана...
Ранак змяніўся поўднем.
А вецер не сціх, не суняўся,
заняўся на ўвесь абсяг.
А вецер пад небам паўднёвым
імкне ходам поўным,
а вецер з абсягу ў абсяг
імчыцца на ўсіх парусах.
Ветрана, ветрана...
Ветрана з ранку да вечара.
Вячэрняя зорка ўзышла,
а вецер гудзе і гудзе.
Усё абвявае —
ад дробнай расінкі да зорнага рэчыва.
Усё абдымае —
ідзе па зары, па зямлі, па вадзе.
Ветрана, ветрана...
Стаміліся дрэвы і птушкі,
стомлены дзень на зыходзе,
а ў ветру ўсё той жа імпэт...
Ірвуцца фіранкі ўслед,
галосяць услед яму юшкі,
ляцяць услед стужкі,
і коміны трубяць услед.
Ветрана, ветрана...
Колькі вятроў намі зведана!
Тых, што сустракалі лагодна,
і тых, што штурхалі ў спіну,
што білі ў грудзі шалёна...
Ветрана, ветрана!
Тых, што на ніву вялі,
і тых, што вялі на вайну.
Ветрана, ветрана...
«Вецер на ўсім свеце белым».
Вецер шукае ахвяр,
вецер прыносіць дары.
Ветрана, ветрана...
Робіцца мне зразумелым,
чаму караблі ўсё-ткі топіць
не мора, але вятры.
«О вецер, вецер!» —
было і трывожна, і ветрана.
«О вецер, вятрыска!» —
лямант ірваўся з грудзей.
Ружа вятроў
праходзіць праз сэрца паэтава.
Ружа вятроў
праходзіць праз лёсы людзей.
«Павей, павей, ветру...» —
народная песня спявае.
Зачыну такога без ветру знайсці не змаглі б.
Стыхія жывая
спявае,
гудзе,
павявае...
Бязветранасць — гэта
нямы, бяспесенна-мёртвы зыб.
Ветрана, ветрана...
Ветрана з самага ранку.
Ветрана з ранішняй
і да вячэрняй зары.
Вецер кранае струну,
вецер ірве фіранку,
вецер шукае ахвяр,
вецер прыносіць дары.
Ветрана, ветрана...
И
и