Ружы хваляў, паэзіі водар...
Ноч купальская сьвет ахінала,
І гучала мінуўшчыны ода –
Крочыў берагам Янка Купала.
Перашэптваў чарот яго крокі,
Здані вогнішчаў смутна ўздыхалі.
А паэта натхнялі аблокі,
Што паданьне пра Нарач шапталі.
Задуменная поўня-каханка
Рыбакам торны шлях асьвятляла.
У прыроды свая калыханка –
Захапляўся Нароччам Купала.
Прытуліліся сонныя сосны
Да загадкавай бездані млявай.
Ткалі вершы нябёсныя кросны,
І паэзія сталася явай.
Песьню даўнюю голасам горкім
Беражніца на высьпе сьпявала.
Над пачуцьцямі ўспыхвалі зоркі,
І шчасьлівы быў Янка Купала.