Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Зіма

Яшчэ не ацэнена

Трыснягі вы мае,
Тры снягі
Вас аблыталі сцюжай зімоваю.
Халадэча, падступнаю змоваю,
Захапіла ў палон берагі.

Дзе-нідзе, як чужыя сцягі,
Уздымаюцца дзіды рагозныя.
Толькі зорачкі ў небе марозныя
Размаўляюць са мной на мігі.

Курганамі цямнеюць стагі,
А зямля не ўзарана – разорана.
Стыне ўсё наваколле заморана,
Спяць пад снегам лугі і лагі.

Абяцалі даваць пірагі
Памяркоўным, лагодным і скораным;
Абяцалі прынаднага скору нам,
Ды нішчымніца сушыць мазгі.

Спачування не маюць багі.
Не памогуць ужо загаворы нам,
Бо вароны над полем нявораным
Непазбежна сціскаюць кругі.

Лёс нам, пэўна, не зладзіць другі.
А сынам?.. Ці не будзе агідна ім
Жыць у прымах у доме раскіданым –
Можа, ўрэшце, мы сплацім даўгі?..

На рачулках ільдоў ланцугі.
Непрытульна, гаротна і сорамна…
Толькі ў сэрцы – цяпельцам няскораным –
Бел-чырвона-
Былыя сцягі!..