Нябесны Вадалей, вадаправод багоў,
Касьмічную перапаўняе флягу.
Блукаю я між зорных берагоў —
І хоць бы кропля мне: спатоліць смагу.
Як мараплаўцы, што згубілі шлях
І дапілі апошнюю надзею,
Малілі позіркам азораны прасьцяг
І выгледзелі ў небе Вадалея, —
Гляджу і я, хоць не гняце сухмень, —
Вады пакуль што на зямлі хапае:
Мне Вадалей сьвятла свайго прамень
Шкадуе, пэўна, хоць і абяцае.
Пацьвельвае сусед яго Пягас
З майго несамавітага блуканьня:
«Хіба ж, нябога, разгадаеш нас
Ты на балконе, быццам на Балкане?
Залазь на неба!..» – «Дзякуй, — гавару, —
Я з гэтым, пэўна, трохі пачакаю:
Да сэнсу ўсё яно, калі ў пару...»
І зноў качу да зор Сізіфаў камень...
У неба, раўнадушнае, як сьмерць,
Цягну штоноч свае зямныя думы.
А Вадалей? Ня сьпіць – рыпіць асьвер –
Лье маракам ваду сухую ў трумы...