Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Бардоўскі

Сярэдняя: 4.9 (38 галасоў)

Я хачу, каб мяне зберагла ты
На маёй небясконцай шашы,
І таму я пішу пераклады
З мовы думак на мову душы.

З мовы сэнсу на мову пачуцця,
Што знячэўку аднойчы кране.
І калі давядзецца вярнуцца,
Каб, старога, пазнала мяне.

Прытуліла мяне, як малога,
Да сябе, зразумеўшы без слоў,
Што здалася бясконцай дарога
Да зямлі, да магілы бацькоў.

Што мяне нездарма берагла ты
На маёй небясконцай шашы...
Я не вершы пішу--пераклады
З мовы сэнсу на мову душы...



Сярэдняя: 5 (27 галасоў)

Спомін лета мроіцца далёкі –
Чэрвень аксамітам запылаў
Я суніцы еў з тваёй далонькі,
Вуснамі тваімі запіваў

І п’янеў, нібыта ад настойкі,
І ляцеў я зноў і зноў здалёк
На блакітных воч тваіх вясёлкі,
На агонь, нібыта, матылёк...

Развялі нас розныя дарогі,
Шмат гадоў ад тых часін прайшло...
Я суніцы еў з тваёй далонькі -
І смачней ніколі не было.



Сярэдняя: 4.9 (25 галасоў)

Сэканд хэнд – гэта, кажуць, модна,
Гэта выхад зусім не горшы –
Там адзецца прыстойна можна
Калі ёсць хоць якія грошы.

І няважна - ў кіно ці ў госці
І няважна – зімой ці летам,
І ці з гэтага вырас хтосьці,
А ці, можа, памёр у гэтым...

Сэканд хэнд – перапродаж рэчаў,
А калі ў прымяненні к слову,
Гэта як пераклады вершаў
З беларускай на рускую мову...