Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Андрэй Ушакоў

Нарадзіўся 16 кастрычніка 1912 года ў вёсцы Рабяткі Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў прафтэхшколу металістаў, працаваў слесарам у дэпо, у майстэрнях авіяпарка, на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску. У 1930-1931 гг. вучыўся на крытыка-творчым аддзяленні Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Менску, у 1933-1934 гг. — ва Ўсесаюзным інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Скончыў літаратурны факультэт Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры (1939). З 1939 г. служыў у Чырвонай Арміі, працаваў у рэдакцыі дывізійнай газеты «За Советскую родину» (Гомель).

Вершы пачаў друкаваць у 1928 г. (газета «Чырвоная змена»). Першы зборнік вершаў «Рабочы пульс» выдаў у 1932 г. (з П.Ананьевым). Аўтар зборнікаў вершаў «Праца і маладосць» (Віцебск, 1933), «Зарава вагранак» (1933), «Голас Радзімы» (1938), «Наша маладосць» (выбранае, 1962). Выйшлі напісаныя для дзяцей у сааўтарстве з А.Жаўруком паэмы «Пра майго таварыша» (1939), «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (1939) і зборнік вершаў «Пра майго катка» (1950).

Пісаў таксама апавяданні. Сааўтар лібрэта аперэты «Зарэчны барок» (з А.Жаўруком).

Ushakov.jpeg


Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Дзе ты, чарнавокая,
Блiзкая, далёкая,
Светлая, падобная вясне?
Можа ў гэты вечар
Ты чакаеш стрэчы
I таксама марыш пра мяне?!

Каля воднай станцыі
З песнямі і танцамі
Моладзь весялілася гурбой.
За цяністым паркам,
Дзе прастор байдаркам,
Там я пазнаёміўся з табой.

Кожнай сваёй рыскаю
Ты мне стала блізкаю,
Нібя сябравалі многа год,
Над ракой блукалі,
Песенькі спявалі,
Разам сустракалі сонца ўсход.

Птушкі чулі-бачылі,
Стрэчу як прызначылі,
Дзе дубы над возерам раслі.
Час быў нешчаслівы –
Трохгадзінны лівень
Нашу дружбу цёплую разліў.

З той пары прыходжу я
Ў парк, цябе, прыгожая,
Поглядам шукаю між дзяўчат.
Колькі ні ўглядаўся,
А цябе няма ўсё, –
Сумны я вяртаюся назад.

Дзе ты, чарнавокая,
Блiзкая, далёкая,
Светлая, падобная вясне?
Можа ў гэты вечар
Ты чакаеш стрэчы
I таксама марыш пра мяне?!



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Рослы селянін з-пад Магілёва,
Жыў мой прадзед у глухім сяле.
Жыў на месцы ўсё жыццё, як дрэва,
Ў цемры, як кажан жыве ў дупле.

Свет не бачачы далей мястэчка,
Працаваў з зары і да зары,
Гнуў спіну ў абшарніцкім двары
І сатлеў пакорна, нібы свечка.

На паглум аддай жыццё ў салдаты!
Дзед хоць быў і смелы чалавек,
Каб не скласці косці на Карпатах,
Палец на руцэ адсек.

Сорак сутак насустрэчу сонцу
Бацька ехаў у чужую даль
Шапкамі перамагаць японца —
І прывёз кастыль, а не медаль.

Каля Віслы брат памёр ад газаў,
Роднай не пабачыўшы зямлі.
І, нарэшце, — камбайнер калгаса —
Я — апошні з нашае сям'і.

За гадамі, за глухой заслонай
Бачу продкаў невясёлы век.
Я з свае вялікай радаслоўнай —
Самы найшчаслівы чалавек.