Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Арыя Гатальская

Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

прысвечаны К.Каліноўскаму. верш з нізкі "Краіна"

Няма наймення…
Я нямею.
Не ўмею
Выказаць у словах
Адчай сыходу,
Утрапенне,
Віну і грэх
Прад гэтай мовай.
Нас мала так.
Чырвонай кнігі
Не завядуць на нашы словы.
Глыток свабоды, як адлігі—
І зноў мароз.
І карнік новы.
Нас ведаюць.
Даюць нам жару,
Калі знаходзяць
Паіменна.
Хапаюць, судзяць.
Ад цяжару
Сыходзіць хтосьці,
Ды нязменна
Нясём, напяўшы ў коўш далоні
З палону бруду і мітрэнгі
Свой скарб
Праз чорныя калоны.
Усцяж крывавыя шарэнгі.
Няма наймення.
Не, не сніцца.
Не трызніцца
Такая ява.
Пляц.
Зброя.
Пратакол.
Вязніца.
І дагараць сляды крывава.



Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

Ад прыцягнення ночы зорнай
На міг свой позірк адарві.
Яна паўстане ўся ў крыві,
Яна ідзе нямой і чорнай.
Гучыць адна ўсяго струна,
Мелодыі няма і сэнсу.
Ад філасофскага працэсу
Ты адарвіся—вось яна!
Працягвае табе далоні
У ранах і пустой мальбе,
Яна глядзіць унутр цябе,
Яна сціскае ў жаху скроні.
Была раней, паўстане зноў,
Прыходзіць будзе і жахацца,
І нас жахаць. Маўчаць, жагнацца,
Сумленнем абуджаць ад сноў.
Не просіць ні аб чым даўно:
Ёй гонар не дазволіць гэта!
Але адна ў яе ёсць мэта,
У позірку скразіць адно:
Успомні, назаві яе!
Яе імя, яе пароду!
І будзе аднаму народу
Выратаванне на Вайне.