Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Фэлікс Аксёнцаў

Сярэдняя: 4.7 (13 галасоў)

Мы ляжым на раздзёртай металам зямлі.
Хмары таюць паволі.
Нас няма. Тры хвіліны таму - мы жылі.
Нас не будзе ніколі.

І сланечнікаў чорныя вочы датла
Дагараюць абапал
Бальшаку, што сячэ краявід напалам,
Як вайсковую мапу.

І на шыі слупоў цісне сіні каўнер
Бесспагаднага неба -
Бы расейскі салдат альбо польскі жаўнер
Нас пільнуе як трэба.

Ды на струнах дратоў вецер грае няўспын
Анямелыя ноты.
Нас няма. Застаюцца клады лугавін.
Застаецца спякота.



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Водар сьнежаньскай адзіноты.
Гэты верш - і нічога апроч,
Толькі ветру бязгучны дотык.
Востры месяц сьвяткуе ноч,
Ды на золку гараць аблокі.
Чуеш крокі за белай сьцяной?
Бачыш зорку за краем вока?

Не хвалюйся. Гэта за мной.



Сярэдняя: 4.1 (17 галасоў)

Зорны пыл – на рахунку у банку.
Я жыву на працэнт.
Маім промням бракуе напрамку.
У мяне марсіянскі акцэнт.

Маё сонца – падвойная зорка.
Чырванее блакіт,
Ды планеты шалеюць на золку,
Сыйшоўшы з арбіт.



Сярэдняя: 4.5 (20 галасоў)

Па-за сэрцам – глыбокае неба.
За вачыма – фарватары зор.
Хутка зведае чорная глеба,
Дзе я жыў і чаму я памёр.

Мо жыццё не каштуе нічога,
Ды калісьці я памятаў, дзе
Існуе Авалон, да якога
Цені крочаць па цёмнай вадзе.