Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Паўлюк Прануза

Нарадзіўся 18 сакавіка 1918 г. у вёсцы Вылева Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1941 г. скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускіх франтах. У 1945 г. дэмабілізаваўся, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскай педагагічнай навучальні, у сярэдняй школе № 3 Нясвіжа.

Першыя вершы надрукаваў у 1936 г. У час Вялікай Айчыннай вайны вершы друкаваліся ў газетах «Савецкая Беларусь» (Масква), «За свабодную Беларусь» (Калінінскі фронт), у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», у франтавых і армейскіх газетах. Аўтар зборнікаў вершаў «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954). «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (выбранае, 1968), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (выбранае, 1978), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990). Напісаў зборнікі вершаў для дзяцей «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Вясновыя тэлеграмы» (1976), «Фарбы восені» (1982), «Звініць ручаёк» (1988).

Склаў зборнік вершаў і ўспамінаў пра М. Сурначова «Акопны спеў» (1986). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.

Сябра СП СССР з 1947 г.



Сярэдняя: 4.6 (12 галасоў)

На двары — люстэркі луж:
Дождж сляды пакінуў.
Душ прымае верабей,
Сеўшы на каліну.
Крыльцамі трапеча ён
I лісткі кранае.
З іх далоняў на яго
Кроплі ападаюць.
Задаволен верабей
Цішай, прахалодай.
— Жыў. Жыў. Жыў, —
заціўкаў ён
Звонка. З асалодай.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

– Аднавiце ранейшую памяць, –
Рэстаўратара я папрасiў.
Ён з усмешкай развёў рукамi:
– Я не маю нi часу, нi сiл.

Каб яе рэстаўрыраваць, трэба
Мне адчуць сорак першы год
I пабачыць у "юнкерсах" неба,
Спаць у тванi палескiх балот.

Цераз Вiслу ў агнi перабрацца,
У варожы Берлiн увайсцi...
Паддаецца не ўсё рэстаўрацыi.
Непаўторнага шмат у жыццi.



Сярэдняя: 5 (10 галасоў)

Былы салдат абняў бярозу,
Што вырасла над Мухаўцом.
Якое супадзенне лёсу —
Тут быў ахрышчаны свiнцом.

Ад мiн, снарадаў дым i копаць,
Гуло салдацкае «ура!»
Была бяроза над акопам,
Як мiласэрнасцi сястра.

На мылiцах стаяў прад ёю,
Нiбы святыняю якой.
Развiтваўся ў пекле бою
Над гэтай памятнай ракой.

Ён гладзiў па кары бярозу.
Прыгадваў дымныя гады.
А у вачах зырчэлi слёзы
Ад той далёкае бяды.