Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Валянцін Таўлай

Нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў горадзе Баранавічах у сям'і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929 г. быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929 г. арыштаваны польскімі ўладамі, а восенню 1930 г. асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930 г. камуністычнае падполле накіравала яго ў БССР.

Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932 г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органа КПЗБ «Беларуская газета» (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (1933). У 1934 г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939 г. вызвалены з гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад» (1939-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942-1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень — ліпень 1944). У 1944-1945 гг. працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945-1947 гг. — старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Друкавацца пачаў у 1928 г. (газета «Сіла працы», Вільня). Аўтар паэмы «Непераможная» (выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928), зборнікаў паэзіі «Выбранае» (1947), Выбраныя творы (1951, 1958), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Творы» (1961), «Выбраныя вершы і паэмы» (1967), «Пілую вершам краты» (выбранае, 1984).

Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля) і публіцыстычныя артыкулы. Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, І.Крылова і інш.

Сябра СП СССР з 1941 г.

taulaj.jpeg


Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ідзе за годам год,
Сівеюць людзі, хаты, —
І ўсё ў ярме народ,
А над шляхамі — краты.

І ўсё фарбуюць брук
Крыві ахвярнай плямы.
Чуваць астрожнай брамы
На ўсю краіну грук.

І маці не адна
Глытае моўчкі слёзы:
Зноў сына па дарозе
Пагналі ў кайданах...

Ад гэтае пары
Ўдавою тужыць ніва,
Каню гнядую грэву
Расчэсваюць вятры...

Мо вернецца, мо згіне
Таварыш дарагі,
Услед за ім другія
Ўзняліся, як сцягі.

Той самаю дарогай
Яны вядуць народ,
І ўжо да перамогі
Бліжэй на цэлы год.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Гэта ўсё — знаёмыя шляхі.
Аглянешся — затанулі ўдалеч.
На адных — палын расце глухі,
На другія — зоры ападаюць.

Пры юнацтве, што здалёк звініць,
І арлы садзіліся ахвоча,
Часам — каб да лёту заманіць,
Часам — каб выдзёўбваць вочы.

Але мы, улюбіўшыся насмерць
У шляхі, пракладзеныя ў заўтра,
Навучылі песню разумець,
Што ў змаганні і загінуць варта.

Вокам на шляхі куды ні кінь, —
Тлеюць косці звестуноў прадвесня
І ляжаць жалобныя вянкі
Анямелых з болю верных песень.

Не даклічацца ніякая вясна, —
Голас расплывецца ў чыстым полі,
Не збудзіўшы стомленага сна
Змагароў, загінуўшых за волю.

Але хай высокі маладняк
Боль магіл кране карэннем шчырым, —
І насустрач заўтрашняга дня
Нашы песні зазвіняць з-пад жвіру.



Сярэдняя: 4.7 (11 галасоў)

Пакуль, сястрычка, падрасцеш
І шлях пратопчаш свой жыццёвы, —
На памяць вывуч гэты верш,
Які складаю шчырым словам

Не зразумееш мо мяне —
Пішу табе яго навыраст,
Я знаю: гэты дзень міне,
З якога верш сягоння вырас.

Магчыма, толькі ён адзін
І астанецца жыць на памяць,
Як рэха дальняе гадзін,
Што сэрца мне гнятуць і раняць.

Тады, сястрычка, ўспамяні
Усіх, хто з бою не вярнуўся,
Каб намі высненыя дні
Зноў паплылі над Беларуссю.