Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Зміцер Цехановіч

Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

Значнеюць абрысы вежаў
у ціхім чаканні ранка.
Гуляе вятрыска свежы
ў байніцах старога замка.

Муры застудзілі грудзі
ў глухіх лабірынтах часу.
Зрэдзьчас успамін ім будзіць
мінуўшчыны дух прыўкрасны.

Бурштыны на нітках мрояў
загояць каменню раны,
і… заварушацца воі
раптоўна ля вежы-брамы.

Заскача святло паходняў
па рэбрах каваных кратаў
дый узляціць па сходнях
на выдыху, зухавата.

Тады затуруе рэха
тым полыскам непакоры,
шчаслівым дзіцячым смехам
асыплюцца з неба зоры.

І першы нясмелы промень
кранецца старых цаглінаў,
абрушваючы ў прадонне
карункавасць успамінаў.

…Значнеюць абрысы вежаў
прасветленым тварам ранка.
Гуляе вятрыска свежы
ў байніцах старога замка.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Ты рэжаш яблык.
У салодкім соку
ўмываецца халоднае лязо.
Табе так хочацца
той сок злізнуць з ляза…
Ды толькі гастрыня нажа,
бы тая згубная мяжа,
якую сочыць ваўкавата вока.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Ну а вакол шалее завіруха,
Зямлю і неба зблытаўшы ў віхры.
Аголеныя дрэвы стогнуць глуха.
Галосяць разам з ветрам у бары.

А побач – возера. Узвітай беллю
па роўнядзі таўшчэзнага ільду
імчыць са свістам “чортава вяселле”,
пад рэбры заганяючы нуду.

Ірвуцца ў небе хмары снегавыя
і сыплюць яскамі, халоднымі, як ноч.
Рагоча бура! Ваўкалакам вые:
“Гэй! Пагуляць са мною, хто ахвоч?!

Хто расхаробіцца спазнаць маё каханне
Ў абдоймах нарастальнае жуды?!
Таго я раніцай пяшчотна, дбайна
спаць пакладу ў сумёце - назаўжды”.