Ільдзінкай сіняй, плыткай, крохкай
Гучыць любімае імя.
I воз бахматы сцежкай дрогкай
Плыве, дзе нас даўно няма.
Расстайны лебедзь, лебедзь чорны
Над лесам тужыць, нібы здань.
I на душы маёй вячорна
Мірсціцца лебедзя бяда.
А ён прарочыць і прарочыць,
Што пашкадую даўні час,
Калі купальскі мой вяночак
У рэчцы шчасця залачаў.
Калі ахвярна птушкі пелі
Для нас дваіх, для нас дваіх.
I мы ўзляталі на арэлях,
Ажно займала ветрам дух.
I ты крычаў «люблю» сцяжынам,
I бласлаўлялі дрэвы нас,
А мне дастаўся лёс жанчыны,
Шмат давялося страт спазнаць.
Ты б засланіў, мой боль суцішыў,
Пяшчоту ціхую прымаў.
Ільдзінкай крохкаю на вішні
Звініць любімае імя.
Прачытаў верш
Прачытаў верш каляжанкі.Спадабаўся. Пішыце, калі ёсць натхненне. Так трымаць! С. Б.