Перакупшчыкі-старызнікі,
Аддаю свае гады —
Задарма, з адзінай рызыкай:
Зноў бы вырвацца туды,
Дзе ні рыфмаў, ні паседжанняў,
Дзе ні рыфаў, ні віроў,
Ні вымоў, ні папярэджанняў,
Ні прамоў на «будзь здароў!»,
Дзе суседкаю-сквалыгаю
Не спайманы ў агурках,
Па аблоках, як па выгане,
Ходзіць хлопчык на руках...
Так наступаюць гарады
З жалезным подыхам і віскам:
Стаяць здзічэлыя сады
На Ляхаўцы, у цэнтры Мінска.
Іх зацвітання па вясне
Даўно ніхто не выглядае.
Стаіць — мелодыяй Маснэ —
Бярозак пара маладая.
Ці закаханы пасадзіў,
Ці хто вяселле так адзначыў,
Ці хто двайнятак нарадзіў...
Цяпер тут выгулак сабачы —
Пустыр між дымных камяніц,
Дзе робіць лукавіну Свіслач...
Вынюхвае па сёння шпіц
Падскварак дух, што тут завіснуў.
I ўспамінаюць снегіры
Расказ дзядоў чырванагрудых,
Як іх кармілі на двары, —
Успамінаюць, нібы цуда...
А лукавіну, як пятлю
Пад’ёмны кран ужо гайдае...
Я вас не ўцешу, хоць люблю,
Бярозак пара маладая...
добра... ВЕРШ! Апавяданне...
добра... ВЕРШ! Апавяданне... усе ж паўстае перад вачыма...
пачытаў са смакам...
(Алег Буйніцкі).