Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Балада пра душу паэта

Сярэдняя: 5 (9 галасоў)

На той зямлі, дзе вечна быў няўрод
І лютавала злыбедная сіла,
Праз сотні згубных і знябытных год
Паэтава душа закаласіла.

На пустцы той - счужэлай, нежывой,
На гонях тых - бяскроўных, скамянелых -
Змог моц узяць расток з зямлі сваёй
І выбіцца з-пад скіб, ужо скалелых.

Сярод згібелай стыні і пяскоў,
На шэрым абязлюднелым абшары
Душа паэта вынікла з акоў
Зямной і небнай неадступнай кары.

Адрынуўшы прысуды і грахі,
Зняможліва, адчайна, ускрыжова
На белы свет - знямелы і глухі -
Прабілася паэтавае слова.

Знядужы люд зацята ўсё маўчаў
Пад ношаю свайго наканавання
І не пачуў, не згледзеў, не спазнаў
Душы ўваскрослай цёплае дыханне.

Паўсюль стаяла страшная мярцвень,
І ў гэтай беспрасветнасці цярновай
Як заклік, як малітву - з дня на дзень -
Душа паэта прамаўляла слова.

Калі ж яму не ўдасца ўратаваць
Сусвет, што зыдзе ўвесь на пацяруху,
Жывое слова зможа сведкам стаць
Няўмёрласці ўваскрошанага духу.